Друкарка ўсё сцерпіць?
У Беларусі прапала нармальная папера. Не, пакуль не туалетная, а звычайная офісная. Тая, якая мае фармат А4 ці А3. А перад знікненнем цана на тую паперу вырасла ў некалькі разоў. Калі ў лютым, да ўварвання расейскіх танкаў ва Украіну, пачак на 500 лістоў каштаваў у Беларусі каля 12 рублёў, то літаральна праз месяц на цэнніках за пачак было ўжо 50-60 рублёў.
Запасы старой белай паперы ў магазінах і складах скончыліся, а новая прывозіцца пераважна з Расеі. Якасць той маскоўскай паперы, аднак, досыць сумнеўная. Па-першае, нават новая яна выглядае як пажоўклая, па-другое, і гэта найгоршае, разбэшчаныя друкаркі заходняй ці кітайскай і карэйскай вытворчасці не звыклі да паперы такой нізкай якасці і перыядычна «зажоўваюць» аркушы. Уладальнікі прынтараў пры тым страшэнна нэрвуюцца – бо ў разе, калі друкарка зламаецца, купіць новую можа стацца праблематычна.
Злыя языкі кажуць, што такія наступствы заходніх санкцый, уведзеных супраць «астраўка стабільнасці». І неяк хутка гэтая «стабільнасць» сапраўды пачала даваць трэшчыны. Пакуль прапагандысты БТ трубяць пра нібыта знікненне звычайных прадуктаў у польскіх крамах, тыя шчасліўчыкі з Беларусі, што маюць візы і трапляюць ў польскія маркеты, спяшаюцца закупіцца той самай офіснай паперай. Калі раней везлі дахаты пераважна каву, то зараз прыхопліваюць пару пачкаў белай паперы. Выявілася, што нават у век электронікі попыт на беласнежную паперу застаецца высокім.
Каб атрымаць якасную паперу, патрэбна зварыць цэлюлозу з драўніны, а каб яе зварыць, патрэбныя адпаведныя хімікаты. А ўсе вытворчасці, якія вараць гэтую цэлюлозу ў Беларусі і Расеі, выкарыстоўвалі амерыканскія, аўстрыйскія, фінскія ды шведскія кампаненты. Зараз жа пастаўкі гэтых хімікатаў прыпынены, а многія замежныя фірмы ўвогуле зышлі з расейскага і беларускага рынкаў. Вось і выявілася, што айчынная добрушская фабрыка з доблеснай назвай «Герой працы» не ў стане забяспечыць элементарныя патрэбы спажыўцоў. Застаецца спадзявацца, што друкаркі ўсё сцерпяць.
Уладзімір Хільмановіч