Два гады вайны
Такая ўжо ўласцівасць чалавечага мозгу, што некаторыя рэчы і з’явы ён пачынае разумець запознена, а нават відавочнае ў час назірання і перажывання падаецца іншым, няўцямным, а часам нават адваротным. Два гады таму сотням тысячаў беларусаў і мільёнам людзей па ўсім свеце здавалася, што беларуская аксамітная рэвалюцыя перамагае і Рэспубліка Беларусь нарэшце стане вольнай краінай. Праз два гады абсалютнай бальшыні стала відавочным, што Беларуская рэвалюцыя Годнасці ў жніўні 2020 года не мела ніякіх шанцаў на перамогу. Нейкім асаблівым Божым провідам, інстынктыўна, нацыяй быў выбраны негвалтоўны супраціў. Гэта істотна зменшыла колькасць фізічных ахвяраў, але не змяніла сутнасць працэсу. І сёння, каб канчаткова зразумець, што адбываецца ў нашай дзяржаве і з намі, трэба ясна акрэсліць стан рэчаў. А менавіта тое, што роўна два гады таму супраць Беларусі і яе насельнікаў пачалася вайна. Менавіта вайна і поўны захоп Расеяй тэрыторыі суверэннай дзяржавы.
Падзеі жніўня 2020 года выразна паказалі Маскве, што адной прапагандай «русского мира» ёй не ўдасца заваяваць не толькі Украіну, але нават скарыць Беларусь. Ніякія пернікі-крэдыты і эканамічныя прэферэнцыі ўладнаму рэжыму ў Беларусі не дазволілі стварыць вобраз прывабнай Расеі, вобраз такой аб’яднанай саюзнай дзяржавы, у якую імкнуцца ўсімі сіламі беларусы. Шматгадовая балбатня пра інтэграцыю і прагу «брацкіх народаў» зліцца ў экстазе так і заставаліся балбатнёй і эфемерным воблакам. А калі надышоў жнівень 2020 года з стотысячнымі народнымі пратэстамі ў Беларусі, Крэмль зразумеў і усвядоміў, што дваццаць ці дваццаць пяць гадоў шалёнай прапаганды нічога не далі і пара звяртацца да правераных стагоддзямі сродкаў і метадаў «усмирения» суседніх народаў.
Можна не сумнявацца, што калі б у жніўні 2020 года ў час пратэстаў пачаліся нейкія радыкальныя дзеянні і каб рэжыму для здушэння народнага выступу забракла сілаў, маскоўскія дэсантнікі высадзіліся б на цэнтральных плошчах Менску, а расейскія танкі атачылі б беларускую сталіцу. А што такое «братэрская любоў» добра ведама і з ранейшага руйнавання Грознага расейцамі ў час вайны супраць Ічкерыі і з нядаўніх злачынстваў расейскай арміі супраць мірнага насельніцтва ў Бучы, Марыупалі ды іншых украінскіх гарадах. Тое, што Масква здзейсніла поўную падтрымку рэжыму Лукашэнкі – факт ужо гістарычны і гэта той чыннік, які нарэшце ацвярэзіў вялікую частку беларускага грамадства, у якой былі спадзевы на «дэмакратызацыю» з дапамогай усходняга суседа. Гэтую дактрыну, дарэчы, актыўна кшталтавалі і тарнавалі ў дачыненні да Беларусі нямецка-французскія палітычныя плыні, усе гэтыя шыракі-меркелі. А заходнееўрапейскія дыпламаты не слухалі беларускія галасы, а ўсё шукалі станоўчае ў тым рэжыме, які ўсталяваўся ў Беларусі, і наладжвалі з ім супрацу.
Менавіта пасля падзей жніўня-верасня 2020 года ў Маскве канчаткова аформілася дактрына далейшых дзеянняў, а ваеннае ўварванне Расеі ва Украіну стала для Крамля канкрэтна планавым пытаннем. Падзеі ў Беларусі і «лёгкая перамога» паскорылі гэтае ўварванне. Амаль праз год – у ліпені 2021 года Пуцін афіцыйна выступіў з праграмным артыкулам «Об историческом единстве русских и украинцев», дзе даводзіў пра поўнае адзінства суседніх народаў. Па-сутнасці гэта была амаль адкрытая, хіба толькі злёгку прыхаваная, дэклярацыя вайны. Якую, на жаль, зразумелі нямногія. Таму пачатак адкрытага ўварвання расейскага войска ў лютым бягучага году ва Украіну стаўся такім усеагульным шокам.
Што застаецца рабіць беларусам пасля гэтых двух гадоў «татальнай безнадзейнасці»? Тыя, хто можа змагацца збройна, ужо ваююць у складзе ўкраінскага войска за вызваленне. Іншым застаецца гуртаваць сілы, дапамагаць палітвязням і іх сем’ям, весці асветніцтва магчымымі спосабамі, развіваць беларускамоўныя медыі за мяжой (менавіта беларускамоўныя!), беларускамоўную адукацыю і чакаць новага гістарычнага «акна магчымасцяў».
Уладзімір Хільмановіч