Два важнейшыя пытанні
У той драматычнай сітуацыі, у якой зараз апынулася наша Беларусь, паўстала нямала разнастайных пытанняў – можна сказаць пытанняў жыцця і смерці ў наўпроставым і пераносным значанні гэтых словаў. У гісторыі свае законы, у Бога свае планы, а ў людзей свае ўяўленні пра стан, да якога дайшла наша краіна, ці да якога яе давялі. Але цэнтральнымі пытаннямі дыскусій па-ранейшаму застаюцца два сакраментальныя – «Хто вінаваты?» і «Што рабіць?». І калі з першым нібыта больш-менш зразумела, то на другое амаль ніхто не можа сказаць нічога выразнага, уцямнага і рэалістычнага.
Але і з першым пытаннем не ўсё так проста. І хоць неаднаразова даводзілася пісаць на гэтую тэму, дазвольце яшчэ раз каротка падсумаваць дыягназ. Прасцей усяго разабраць гэта на прыкладзе чалавека. Вось калі чалавек захварэў на нешта цяжкае, то галоўнае – паставіць дакладны дыягназ — прычыну хваробы, яе наступствы, патэнцыйныя пагрозы. І толькі пасля гэтага распачаць лячэнне. Паралельна важна ацаніць і ранейшае лекаванне, якое вызначыў папярэдні доктар, які мог абсалютна памыляцца ў кірунку лячэння і выбары лекаў. Дык вось галоўная прычына пакуль невылечнай «хваробы» Беларусі – гэта імперская палітыка Расеі. Імперыя развальваецца на нашых вачах, здыхае і аганізуе, але пры тым мае яшчэ сілы на вялікае зло, здольная загубіць і нашу дзяржаву. Губляючы адзін за адным уплывы ў Сярэдняй Азіі, Грузіі, Арменіі, Малдове, экспансійная агрэсія крамлёўскіх палітыканаў скіроўваецца найперш на Беларусь і Украіну. Адсюль і нашумеўшы нядаўны пісьмовы трактат новага «князя Уладзіміра», які адназначна можна назваць «Дэклярацыяй аб акупацыйнай дзейнасці Расеі».
Але вярнуся зноў да вобразнага параўнання. Чалавек можа пакутаваць не толькі ў выніку хваробаў, але і ў выніку фізічных траўмаў, якія прычынілі яму бандыты. Вось збілі яны яго, потым прыходзяць зноў і робяць тое сама. І тут патрэбны ўжо не толькі доктар, але найперш моцны паліцэйскі і справядлівы суддзя. А вось тут Беларусі і Украіне зноў не пашанцавала – бо тая рэал-палітык, якую вядзе апошнія 20 гадоў Заходняя Еўропа, а цяпер, пасля левага павароту, а фактычна дзяржаўнага перавароту на выбарах,і ЗША, прывяла толькі да ўмацавання палітычных бандытаў. Такім чынам, нават гарантыі Будапешцкага мемарандума 1994 года сталіся проста пшыкам. А патрэбнага свету моцнага і справядлівага паліцэйскага ўжо няма. Бо ЗША няўхільна страчвае ролю супердзяржавы і на зямным шары неўзабаве застанецца толькі адна звышдзяржава – гэта камуністычны таталітарны Кітай, ад якога можна чакаць выключна зла, а не справядлівасці. Палітыка ж Еўразвязу, якую вызначаюць найперш Германія і Францыя, працягвае дэградаваць. Калі б памарыць і ўявіць Пуціна на лаве падсудных у Гаагскім трыбунале, то побач з ім павінна сядзець фраў Меркель. Вось асоба – сапраўдны сімвал скрозь фальшывай і ашуканскай палітыкі. Ніхто не зрабіў столькі для ўмацавання крамлёўскай мафіі, чым гэтая старая штазістка з нібыта хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Цяпер яна ўрэшце зыходзіць з палітыкі, але напэўна яе прыстрояць на пенсіі на пачэсную пасаду ў якім-небудзь расейскім нафта-газавым канцэрне, як уладкавалі шэраг іншых палітыкаў першага роўню з Францыі, Германіі, Аўстрыі…
А цяпер да віны самых беларусаў. Тут не заціхаюць спрэчкі і сваркі, узаемныя абвінавачанні паміж так званай старой і новай апазіцыяй. Правільнай напэўна будзе пазіцыя – прызнаць усім сваю віну. Бо ёсць такі панятак «гістарычная віна пераможаных». Старой дэмакратычнай апазіцыі – у тым, што не здолела дагрукацца да розумаў большай часткі грамадства і не запаліла шырокія пласты гараджанаў. Новай, больш маладой плыні – у тым, што доўга не абуджалася і не слухала ранейшых змагароў за праўду. Бізнесоўцам – у тым, што доўга і неабачліва ігнаравалі палітыку і не дапамагалі грамадзянскай супольнасці. Грамадству ў цэлым – што ў 1995-96 гадах не абараніла дэмакратычную частку парламенту, а на рэферэндуме выраклася роднай мовы і сапраўднай нацыянальнай сімволікі. А яшчэ лепш, калі з кожны з нас пашукае сваю асабістую віну. Тады будзе лягчэй вызначыцца і з адказам на другое пытанне і паразумецца з іншымі.
Уладзімір Хільмановіч