Дзяржава экстрэмальнага экстрэмізму



«Каб зло спыніць – сабраць бы кнігі ўсе ды і спаліць!» – заклікаў літаратурны герой адной даўняй камедыі. Прозвішча персанажа было Фамусаў, а ягоны светагляд лічыўся сімвалам рэакцыйнасці. Сучасная фаМУСаўшчына ў Беларусі набліжаецца не толькі да ідэала таго героя, але і да традыцый расейскай імперыі 18-19-стагоддзяў, калі паліліся кнігі, нават царкоўныя выданні. Прыкметай тагачаснага экстрэмізму лічыўся не толькі крамольны змест, але і нават лацінскі альфабэт. Цяперашнія цэрберы накідваюцца на ўсё, што звязанае з бел-чырвона-белай сімволікай. Паўтары гады «палявалі» на людзей з малейшай прыкметай «няправільных» колераў, нават у адзенні. Зараз жа узяліся і за кнігі.

У гісторыю юрыдычнага абсурду 21-га стагоддзя захацеў увайсці суд Ленінскага раёну Гародні, які прызнаў кнігу «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» экстрэмісцкай. Разгляд ініцявала гарадзенская пракуратура. Гісторыя змагання з творамі ваеннага гісторыка Віктара Ляхора пачалася яшчэ ў чэрвені 2021-га году, калі Міністэрства культуры даслала ліст у школы і бібіятэкі з патрабаваннем прыбраць згаданую кнігу аўтара, а таксама яго ж энцыклапедыю «Военная символика белорусов. Знамёна и мундиры» з фондаў і электронных каталогаў. Выданні не ўратавала нават расейская мова аўтара.

Найбольш займальнае ў гэтай абсурдальнай гісторыі тое, што згаданы геральдыст і вексілолаг раней быў абраны ў склад Геральдычнай рады пры прэзідэнце Беларусі, ёсць сябрам Міжнароднага саюза дызайнераў. Ён распрацоўваў сімволіку для шматлікіх дзяржаўных структураў і ворганаў, у тым ліку сілавых. Менавіта яму належыць аўтарства эмблемаў структураў МУС (ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартамент аховы) ды іншых. Ці не пара прыгледзецца і да колераў гэтых эмблемаў?!

Трэба меркаваць, што, пакончыўшы з выявамі так ненавісных ім спалучэнняў белага і чырвонага колераў, доблесныя сілавыя структуры перайдуць і да самых слоў. Слова «чырвоны» можа яшчэ і застанецца, а вось «белы» пачнуць выкараняць, абвесціўшы яго экстрэмісцкім. РБ – дзяржава экстрэмальнага экстрэмізму.

Уладзімір Хільмановіч

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ