Дзяржынскі і карова
Не раз даводзілася пісаць пра савецка-камуністычныя помнікі, якімі запоўнена ўся постасавецкая Беларусь. Але тэма гэтая цэлы час мае свой працяг. Больш чвэрці стагоддзя прайшло з таго часу як сканаў Савецкі саюз, Беларусь намінальна стала суверэннай дзяржавай, а чужынскія, пераважна крывавыя, куміры і ідалы дагэтуль запаўняюць пляцы і вуліцы нашых гарадоў. І каб толькі плошчы гарадоў. У Гародні, прыкладам, помнік-бюст “жалезнаму Феліксу” па вуліцы яго ж – Дзяржынскага, стаіць проста ля самага ўваходу ў школьную гімназію. За ўсе гады стаяння гэтага ідала аніводны настаўнік, ці кіраўнік гэтай школы, ні разу не падняў пытанне пра дэмантаж і хоць бы яго перанос. Бо лагічна было б паставіць гэты помнік ля будынку КГБ, структуры, якая наўпрост ёсць пераемніцай справы Дзяржынскага, і супрацоўнікаў якой з гонарам дагэтуль называюць чэкістамі. Так што чаму можа навучыць такая гімназія школьніка з Дзяржынскім на ўваходзе, да якога абавязаны класці кветкі, – зразумела.
Тлумачэнне такой сітуацыі вельмі простае і ляжыць на паверхні – у Беларусі не толькі не адбылася дэкамунізацыя. У нашай намінальна самастойнай, але фактычна па-ранейшаму залежнай ад Масквы дзяржаве, усяляк насаджваецца культ савецкіх правадыроў, розных герояў “гражданской” вайны, сумнеўных чырвоных камандзіраў і герояў сацыялістычнай працы. Культ гэты адраджаецца пуцінскай уладай у Расеі і ўсяляк пераносіцца, транслюецца, экстрапалюецца на Беларусь.
А вось і апошняя навіна – па асабістым распараджэнні начальніка дзяржавы у Віцебскай вобласці павінен быць усталяваны помнік карове. Паводле папярэдніх разлікаў на гэта з абласнога бюджэту мяркуецца выдаткаваць як мінімум 127 тысяч даляраў. Ну а што ў гэтым кепскага, скажаце вы. У тых жа Нідэрляндах, ці Нямеччыне шмат дзе можна ўбачыць на вуліцах гарадоў аб’ёмныя выявы тых сама хатніх жывёл. Розніца толькі ў тым, што там такія танныя скульптуры ўстанаўліваюцца экалагічнымі ці фермерскімі, а то і дзіцячымі арганізацыямі сваім коштам, яны выглядаюць як элемент сучаснага гарадскога арт-стрыту і не больш. Тут жа гэтым займаюцца сур’ёзныя дзядзькі-чыноўнікі, ды і сума, якая будзе выдаткаваная на гэтую кароўку-карміцельку для Беларусі вялізная. І што вы думаеце – не сумнявайцеся, неўзабаве гэты помнік усталююць. Гэта ж не нейкі Леў Сапега, якому вось ужо дваццаць гадоў не могуць паставіць помнік у Слоніме. І не Кастусь Каліноўскі, помніка якому няма ні ў сталіцы, ні ў аніводным абласным цэнтры Беларусі.
А можа яшчэ абвесцяць конкурс для скульптараў на лепшую выяву гэтай шчаслівай каровы. Падкіну тады мастацкую ідэю і я – помнік карове павінен быць не статычным, а абавязкова ў руху. Рагатая і парнакапытная, яна павінна ісці, выглядаць мэтна і пакідаць за сабой “ляпёшкі”. І добра што помнік карове, а не скажам каню. Бо конь жывёла ўсё ж нейкая мілітарная і асацыюецца з кавалерыйскім войскам, а мы ж “беларусы – мірныя людзі”. А можа той карове дадаць яшчэ крылы – і будзе сімвал натхнення на ўдарную працу – гэткая карова-Пегас. Праўда, калі з крыламі, то бюджэт на помнік трэба істотна павялічыць.
Дарэчы, яшчэ пару слоў пра гарадскі арт-стрыт. У горадзе над Нёманам апошнім часам значна актывізаваліся мясцовыя камунальнікі. Вулічных скульптураў у Гародні стала больш. Але іх мастацкая вартасць дастаткова сумнеўная. Чарговая драўляная скульптура да Дня гораду з’явілася ў цэнтры. Гэта скульптура турыста-падарожніка. Сама ідэя неблагая, толькі выявілася, што гэты істукан са складзенымі чамусьці на каленях рукамі – звычайны плагіят – дакладная копія статуі, якая ўжо некалькі гадоў упрыгожвае далёкі ад нас Іркуцк, што ў Расейскай федэрацыі. З той розніцай, што там скульптура выканана з металу, а ў Гародні выразана з дрэва. Такі вось канфуз і чарговая другаснасць. Як няма свайго светагляду, то абавязкова цягнуцца за чужым. Як не шануюцца свае нацыянальныя героі, то будуць кленчыць перад захопнікамі. Па іншаму не можа быць.
Уладзімір Хільмановіч