Эйдэльштэйн і гурыі



Не перастаеш здзіўляцца гэтай Маскве. Там ня толькі жыць, але і пахаваць ня могуць па-людску. Асабліва з трупамі іхных правадыроў – то аднаго пакладуць у маўзалей, а потым вынясуць, то іншага. А колькі іх розных замуравалі ў крамлёўскую сцяну! Для расейцаў смерць гэтых вурдалакаў заўсёды мае асаблівы сакральны характар. 6 красавіка ўрэшце афіцыйна абвесцілі пра смерць аднаго з найбольш адыёзных і шавіністычных расейскіх палітыкаў Уладзіміра Жырыноўскага. Праўдападобна, што памёр ён ужо некалькі тыдняў таму, але чамусці прызнаваць факт гэтай смерці значны час нельга было. Можа на 6-га перанеслі, што гэта ў Расеі Дзень работніка следчых органаў, а можа таму, што на гэты дзень прыпадаюць імяніны Уладзіміра.

Як казалі старажытныя, пра мёртвых альбо добра, альбо нічога. Пра Жырыноўскага, народжанага Эйдэльштэйна, якраз нічога добрага. Гэта быў выказнік скрайне чалавеканенавісніцкіх ідэяў, якія буялі ў шырокіх народных масах бяскрайніх расейскіх прастораў буйнымі пладамі махровага чорнасоценнага шавінізму. Замену такому кадру няпроста знайсці, мо таму так доўга і хавалі факт смерці лідара ЛДПР, які сам заўсёды агучваў крамлёўскія ідэі і дзеянні наперад. Хавалі праўду і не хавалі цела.

Пахаваюць урэшце Жырыноўскага на «прэстыжных» Новадзявочых могілках. Кладбішча гэтае знаходзіцца, дарэчы, на тэрыторыі аднайменнага праваслаўнага манастыра. Можа, думаюць, што так хутчэй памерлага сустрэнуць распрыгожыя райскія дзевы-гурыі. Стоп, але ж гурыі – гэта з мусульманскага вучэння?! Ды толькі «умом Россию не понять», а дакладней «не пронять». Ваёўны атэіст і габрэй Эйдэльштэйн, народжаны ў казахстанскім Алматы, заслужыў на думку расейскай палітычнай вярхушкі гонар быць прынятым зямлёй менавіта праваслаўнага манастыра. У Крамлі такая вера ў загробнае жыццё. Не думаю, аднак, што гэта засцеражэ сканалага скандальнага палітыка ад геены вогненнай, гарэць яму ў вечным пекле.

У дадатак ЛДПР прапанавала перайменаваць Лукаў завулак у Маскве ў вуліцу Жырыноўскага. Па сугучнасці маглі б у гонар іншага палітычнага персанажа. Але ўсяму і кожнаму свой час.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ