Экспансія Паднябеснай



Кажуць, калі чалавек перастае здзіўляцца, гэта значыць, што прыйшла старасць. Прызнаюся, што здзіўляцца даводзіцца апошнім часам усё радзей, але адна гісторыя мінулага тыдня неяк моцна ўразіла. З яе і пачну. Гісторыя здарылася ў буйным кітайскім горадзе Чунцін. Дык вось, там у рацэ танула маладая дзяўчына. Яна паслізнулася і ўпала ў бурлівую рэчку. А характэрна тое, што ніхто з навакольнага натоўпу нават не спрабаваў яе выцягнуць з вады. Стаялі, назіралі і здымалі здарэнне на мабільныя тэлефоны. Гэтай студэнтцы ўсё ж моцна пашанцавала. На яе шчасце побач праходзіў 61-гадовы брытанскі дыпламат Стывен Элісан. Гэты немалады ўжо ангелец кінуўся ў ваду і выратаваў дзяўчыну. Пытанне – чаму ж ніхто з мясцовых жыхароў нават не паспрабаваў выратаваць чалавека? Першая версія тая, што аказваецца па статыстыцы бальшыня кітайцаў папросту не ўмее плаваць. Другая – і яна праўдападобная – такія ненатуральныя паводзіны насельнікаў Чунціна ў трагічнай сітуацыі тлумачацца тым, што людзі баяліся дапамагаць – паводле кітайскага заканадаўства, калі б пры ратаванні нешта пайшло б не так, чалавек непазбежна падпаў бы пад крымінальную адказнасць. Прычым з жорсткімі наступствамі. Іншымі словамі, калі ты не прафесійны ратаўнік – стой і не лезь. Гэта ж якую пачварную сістэму правасуддзя трэба стварыць, каб людзі баяліся памагчы бліжняму.

Гераічны ўчынак дыпламата наўрад ці палепшыць дачыненні паміж Кітаем і Вялікабрытаніяй, якія істотна пагоршыліся за апошні год на тле супярэчнасцяў наконт Ганконгу, кампаніі Huawei і каронавірусу. Проста гэты выпадак яскрава характарызуе ўсю рознасць старой еўраатлантычнай ментальнасці і камуністычна-азіяцкага светагляду. Камуністычны Кітай за апошнія дзесяцігоддзі вырас у сапраўднага монстра-цмока, які пагражае ўсёй астатняй сусветнай цывілізацыі. Больш у планетарнай палітыцы гаворыцца пра Расею, але пуцінская Расея – гэта калос на гліняных нагах. Хай сабе і з ядравай дубінай. Кітайская ж пагроза свету куды больш яскравая і пагражальная. Пра тое, якая КНР жахлівая турма народаў – гутарка ўжо асобная.   

Небяспеку эканамічнай, а праз час і палітычнай экспансіі Кітая, здаецца, пачынаюць разумець і на кантынентальнай Еўропе. Яшчэ ў чэрвені гэтага года міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас заклікаў Еўразвяз да стварэння адзінай стратэгіі ў дачыненні Кітая, ён характарызаваў гэтую краіну як будучую звышдзяржаву. Маас падкрэсліў, што дачыненні з Кітаем трэба ўладкоўваць зыходзячы не толькі з эканамічнага рэзону, але і з палітычных меркаванняў. Хуткае развіццё эканамічных сувязяў Еўразвязу з Кітаем прывяло да наступнага. Даследаванне інстытуту MERICS падае такія лічбы. У перыяд з 2000 па 2019 год аб’ём гандлю паміж Еўразвязам і Паднябеснай павялічыўся амаль у восем разоў (вырас да 560 мільярдаў еўра). Еўропа “крытычна залежыць” ад экспарту з КНР па 103 катэгорыях тавараў і прадуктаў, паведамляецца ў даследаванні. Кітай стаў ужо другім па значнасці гандлёвым партнёрам Еўразвязу пасля ЗША. Еўропе ўжо не абысціся без кітайскага імпарту ў фармацэўтычным, хімічным і электронным сектары, гаворыцца ў згаданым дакладзе. Паводле падлікаў экспертаў, ёсць ужо ажно 659 катэгорый (!) тавараў, па якіх Еўразвяз стратэгічна залежыць ад паставак з Кітаю. Удакладнім тут, што стратэгічнай залежнасцю называюць сітуацыю, пры якой аднекуль экспартуецца больш 50% якога-кольвек тавару, а крытычнай – калі абмежаванне доступу да пэўнай катэгорыі тавараў можа падарваць эканоміку краіны ці зрабіць яе ўразлівай.

Небяспеку экспансіі камуністычнага Кітаю цудоўна разумее прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які пасля васьмі гадоў бяззубай шэрай абамаўшчыны, займаў вельмі прынцыповую пазіцыю і вёў цвёрдую знешнюю палітыку, каб зменшыць кітайскія эканамічныя ўплывы. Прыкладам, у траўні 2019 года ЗША павялічылі пошліну на кітайскую прадукцыю агулам на 200 мільярдаў даляраў. Пасля падвышэння пошлін Трамп заявіў пра намер і пачаў актыўна выводзіць амерыканскіх вытворцаў з тэрыторыі КНР. Малаверагодна, што такой палітыкі будзе далей трымацца новая байдэнаўская адміністрацыя, якая з адной толькі нянавісці да Трампа будзе рабіць усё наадварот. У Еўропе далей словаў насцярогі пакуль ніхто таксама не ідзе. А значыць пагроза кітайскай экспансіі будзе зноў нарастаць.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ