Эліта і сіта



Ня кожнаму знакамітаму чалавеку ўдаецца прайсці праз выпрабаванне “меднымі трубамі”. Асабліва калі гэтыя трубы расейскага Газпраму. Вось, здавалася б вядомыя і нават вялікія акторы – усё прайшлі – і ваду і агонь, пралілі шмат поту і багата фарбы-крыві, прынамсі на кіназдымках. А вось спакушэнне славай і папулярнасцю годна перажыць здольны далёка ня кожны. Вось і кідаюцца наросхрыст знакамітасці – хто ў татальны блуд ці вычварэнствы, хто ў наркотыкі, хто ў беспрасветны алкагалізм, часта перамешваючы адно з другім. Часам састарэлыя зоркі экранаў робяцца недарэчнымі і незразумелымі. Але дзівацтва дзівацтву розніца. Калі Брыджыт Бардо лічыць галоўнай праблемай нашага свету абарону жывёл і змаганне з тымі, хто носіць натуральныя футры – гэта і зразумець можна ў значнай ступені і паіранізаваць над знакамітай бабулькай. Іншая рэч, калі зоркі сусветнага кіно пачынаюць падтрымліваць рэжым, што пагражае мірнаму існаванню народаў. Вось якраз апошнім часам пацягнулася чарада знакамітасцяў у пуцінскую Маскву: атлусцелы да непрыстойнасці француз (ці ўжо “новы рускі”?) Жэрар Дэпардзьё, непазнавальны, ледзь злезшы з іголкі, ці зрабіўшы невялікі перапынак, Мікі Рурк, дэзарыентаваны і недалёкі колішні супермен з жалезнымі біцэпсамі Стывен Сігал. Сёння яны – не проста пастарэўшыя зоркі сусветнага кінематографа, а прапагандысты крамлёўскага рэжыму – апранаюць кашулькі з выявай Пуціна, ухваляюць агрэсію ва Украіну. І той жа Дэпардзьё запомніцца ўжо многім людзям не як выдатны актор, рамантычны граф Монтэ-Крыста, а як абслуга рознага кшталту крымінальных паханоў, тыпу Рамзана Кадырава. А Мікі Рурк, былы кумір мільёнаў жанчын, стваральнік серыі яркіх вобразаў, на твары якога не засталося зараз нават кроплі інтэлекту, запомніцца вось такім азызлым і варту жалю дэгенератам. Нават расейскія знакамітыя акторы і рэжысёры кіно да такой ступені не зганьбіліся. Пераважная бальшыня з іх, дарэчы, увогуле выступіла супраць маскоўскай агрэсіі ва Украіну і захопу Крыму. Толькі некалькі вядомых майстроў кінематографу, такіх як Міхаіл Баярскі і Алег Табакоў апынуліся ў ліку падпісантаў ліста ў падтрымку пуцінскай палітыкі. Ды і тыя, праўдападобна, як разумныя ўсё ж людзі, не падзяляюць шавіністычныя погляды крамлёўскіх правадыроў. А проста меркантыльна схіляюцца да карысліва выгоднай для іх асабіста праўладнай пазіцыі, ім жа патрэбна “творча” працаваць, улада за такі “прагіб” забяспечыць усім патрэбным. Так вось “мушкецёры караля” Баярскія становяцца “гвардзейцамі кардынала”. І ад гэтага выглядаюць яшчэ горш. Але прыстойныя людзі больш рукі ім не пададуць – праверка – яна для ўсіх праверка, як казаў адзін кінагерой. Заходнія ж зоркі атрымліваюць вялізныя ганарары за свае выступы ў падтрымку Пуціна. Шчодрая расейская душа – усё аплачана, пакуль труба пампуе газ. Нафтагазавая рура паглынае руркаў. Але выглядаюць тыя руркі сапраўды вартымі жалю. Нават вялікія ў свой час сябры Савецкага саюзу – спевакі і артысты, такія, прыкладам, як Дзін Рыд, выглядалі куды прыстойней, праўдападобна тады ідэі і погляды яшчэ мелі нейкую важкасць. Крамлёўскія прапагандысты ж з аднаго боку усяляк бэсцяць ненавісную ім Амерыку, з іншага – выкарыстоўваюць яе недалёкіх прадстаўнікоў у сваіх мэтах. Трэці Рэйх выкарыстоўваў у сваіх інтарэсах Лені Рыфеншталь, Маскве-Трэцяму Рыму спатрэбіліся Сігал, Рурк, Дэпардзьё і ім падобныя. Не ўсё тое эліта, што прайшло праз сіта – казаў дасціпны Станіслаў Ежы Лец. Кожны зойме ў памяці людзей і ў гісторыі сваё належнае месца. І калі Арнольд Шварцнэгер ці Клінт Іствуд застануцца ў іх ня толькі як знакамітыя кінаакторы, але і як прынцыповыя сумленныя людзі, то згаданыя асобы ў лепшым разе будуць прыгадвацца са шкадаваннем і спачуваннем. Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ