Энкавэдысты і буслы



Як ведама з гісторыі ў 1958-60 гадах у Кітаі ў рамках так званага Вялікага скачка адбывалася масавае знішчэнне верабёў. Паводле вялікага камуністычнага правадыра Мао за год верабі зядалі столькі зерня, што яго хапіла б, каб пракарміць 35 мільёнаў чалавек. Дзікая кампанія па вынішчэнні няшчасных птушак доўжылася амаль тры гады. У выніку такой «зачысткі» было забіта больш двух мільярдаў верабёў, а заадно і іншых дробных птушак.

У сучаснай Беларусі за справу птушак узяўся яшчэ нядаўна «галоўны міліцыянт» РБ Ігар Шуневіч, а цяпер старшыня дзяржаўнага абяднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Гэты іншародны субект, які так любіў пакрасавацца на парадах у форме НКВД і які лічыўся адным з сама адыёзных апрычнікаў рэжыму, зараз агучыў новы тэзіс. Ён назваў Чырвоную Кнігу рудыментам і прапанаваў выключыць з яе зубра, мядзведзя і рысь, а таксама распачаць паляванне на буслоў. Назваў ён і другія віды, якія на думку новаспечанага арнітолага занадта распладзіліся – шэрыя журавы, лебядзі-шыпуны. Так што рэдкая птушка цяпер даляціць да сярэдзіны менскай Свіслачы...

Чужынцы і духоўныя спадчыннікі НКВД паталагічна скіраваныя на вынішчэнне чаго б не было – быў час бурылі хрысціянскія храмы, расстрэльвалі мільёны людзей, потым асушалі балоты, у сучаснай Беларусі вырэзвалі паркі і дрэвы абапал дарог – цяпер там сапраўдныя пясчаныя буры. Зараз хочуць узяцца за жывёл і птушак, якія сімвалізуюць нашу краіну. Пра драпежных звяроў Шуневіч сказаў наступнае: «Безусловно, хищник в природе должен быть. Но когда его много, когда он начинает наглеть из-за отсутствия охотничьего пресса и терять любой страх перед человеком… А чалавек жа ў бальшавікоў заўсёды быў царом прыроды. Некалі незабыўны Уладзімір Высоцкі напісаў:

А калі сверб – бяз справы не трывайце –

У вас багата ёсць яшчэ дзялоў:

Душыце мух і нараджальнасць паніжайце

Ды вынішчайце вашых верабёў.

Кітайскі камуністычны эксперымент урэшце скончыўся жудаснай трагедыяй. У выніку вынішчэння верабёў распладзіліся вусені і саранча, якія жэрлі парасткі аграрных культур, у экасістэме знік важны натуральны рэгулятар. Вельмі хутка ураджаі пачалі рэзка змяншацца і ў Паднябеснай надышоў страшны голад, у выніку якога загінула ад 10 да 30 мільёнаў чалавек.

Але лаўры «вялікага» натураліста Мао Цзэдуна дагэтуль некаторым не даюць спакою.

Уладзімір Хільмановіч

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ