Фініш без пераможцаў



Ну вось, шаноўныя сябры, і дажылі, ці дажыліся, мы амаль да канца надзвычай цяжкага і звыш выпрабавальнага высакоснага 2020 года. Дажылі, на жаль, не ўсе і спіс стратаў для Беларусі ў адыходным годзе вельмі значны. Ковід-19, іншыя цяжкія хваробы, рэпрэсіі і псіхалагічны прэс зрабілі сваю чорную справу. Але як бы там не было, найперш шчыра хачу павіншаваць хрысціян усіх абрадаў з Раством і Новым Годам, а прадстаўнікоў іншых канфесій і ўсіх людзей добрай волі проста з надыходным Новым Годам. Ёсць яшчэ такі калькаваны з рускай, а хутчэй савецкай, мовы выраз “з наступаючым Новым Годам!”, які асабіста мне зусім не даспадобы. Ужо столькі на нас у нашай гісторыі наступалі з усіх бакоў, столькі па нас тапталіся, што слоўца гэтае асабліва рэжа слых і непрыемнае. Таму менавіта з надыходным Новым годам і новымі спадзевамі.

Год гэты сусветныя дзяржавы завяршаюць па-рознаму. Беларусь у гэтым плане як ЗША – там пакуль фактычна два прэзідэнты – стары Дональд Трамп і новы, але яшчэ старэйшы па ўзросце, Джо Байдэн. І ў Беларусі два – першы, нязменны і “вечны”, імя якога і называць не хочацца, а таксама маладая “народны прэзідэнт” у выгнанні – Святлана Ціханоўская. Зрэшты, калі палічыць прэзідэнта БНР шаноўную Івонку Сурвіллу, то мы нават амерыканцаў апярэджваем – маем ажно трох прэзідэнтаў. Хто каму больш адпавядае і бліжэй светаглядна.

2020 год у Беларусі падкаціў да фінішу і завяршаецца без пераможцаў. Цяперашняя ўлада наўрад ці можа радавацца несуцяшальным для сябе вынікам года. Чарговы фальшывы выйгрыш на так званых “прэзідэнцкіх выбарах” ніяк ня можа зараз яе цешыць. Але кіраўнік гэтай, наскрозь дэвальваванай, улады, страціўшы давер пераважнай бальшыні насельніцтва, па-ранейшаму не хоча злазіць з п’едэстала. І зразумела, што па сваёй волі ніколі не злезе. Ды тэрор супраць насельніцтва сваёй краіны не можа дадаваць папулярнасці нікому. І тое, што мірныя пратэсты народу супраць дзікай несправядлівасці, часова здушаны фізічна, не дадае гэтым гора-кіраўнікам упэўненасці ў заўтрашнім дні. Тым больш, што эканоміка Беларусі перажывае глыбінны крызіс, які без сумневу жорстка ўдарыць па ўсіх слаях насельніцтва ўжо бліжэйшыя месяцы. Тым больш, што ўводзяцца ўсё новыя санкцыі – палітычныя, эканамічныя, а ў тым пераліку і спартовыя. Найважнейшая з апошніх – Беларусь пазбаўляюць права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі. У начальніка РБ забіраюць яго ўлюбёную забаву, а многія моцныя гэтага свету ўжо не хочуць заплюшчваць вочы на тыя беззаконне і гвалт, якія чыняцца апошнія паўгода ў нашай краіне. Няма таго, што раньш было, і ніколі ўжо не будзе. 

Ніяк не можа лічыць сябе пераможцам пакуль і беларускі народ. І хоць ён у гэтым годзе можа ўпершыню ў гісторыі сапраўды выявіў сябе як народ, галоўная мэта – вольнасць –  не дасягнутая. Псіхалагічныя і фізічныя страты вялікія, а многія сем’і змагароў за праўду сустрэнуць бліжэйшыя святы без сваіх родных і блізкіх, якія пакутуюць у турмах з нялюдскімі ўмовамі ўтрымання. Беларусаў зноў амаль канчаткова загналі назад у “савецкі саюз”, фактычна зачыніўшы межы да цывілізаванага свету, цяпер і за мяжу амаль не выехаць. І выбавіцца ад імперскіх абдымкаў Масквы цяпер будзе яшчэ цяжэй. Але не бывае вечнай цемры і маладая генерацыя напэўна дачакаецца сапраўднай свабоды. Нашаму пакаленню таксама хацелася б дажыць да гэтага часу і паўдзельнічаць у адраджэнні і развіцці сапраўднай Беларусі, пра якую людзі даўно мараць.

У калядныя дні паводле розных каляндарных стыляў варта запаліць свечку ў памяць адышоўшых у іншы свет, памаліцца, як хто ўмее і можа, за палітычных вязняў, даслаць ім паштоўкі з цёплымі словамі. Запаліць агеньчыкі на ялінцы і павіншаваць дарагіх нам людзей.        

У Новы год варта ісці з пэўным абнаўленнем і асэнсаваннем таго, што з намі здарылася за гэты надзвычайны і жорсткі год. У новы 2021 год ідзем з новымі надзеямі, старой верай і аслабелай, але так патрэбнай любоўю да чалавецтва.  

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ