Формула радасці



Размаўляючы днямі з сябрам, амаль выпадкова і амаль адначасна прыйшла нам да галавы формула радасці ў сённяшніх рэаліях Беларусі. Калі чалавек у дадзены момант не ў шпіталі і не ў турме – то ўжо можна цешыцца кожнаму канкрэтнаму дню і такой сітуацыі. На жаль, мы ўсе не цэнім гэтага моманту – цэлы час некуды спяшаемся, нервуемся, наракаем і не разумеем вартасці таго, што маем. Канешне агульная сітуацыя жорсткіх і маштабных рэпрэсій у дачыненні да суайчыннікаў не даюць адчуваць сябе шчаслівым, але ж, хіба ўпершыню ў нашай гісторыі, на нашай зямлі, тыя, хто змагаюцца ЗА ПРАЎДУ, ЗА СВАЁ, ЗА БЕЛАРУСКАЕ, апынуліся ў бальшыні. І гэта канешне радуе і павінна даваць усім нам новыя сілы, дадаваць аптымізму нават у кароткачасовай гістарычнай перспектыве.

І вось як цікава і часам парадаксальна разгортваецца гісторыя на нашых вачах. Яшчэ на пачатку 2020 года здавалася, што Беларусь застыгла ў вечнай мерзлаце нібы той старажытны мамант ці захрасла ў балоце як безнадзейна састарэлы бегемот. І рэанімаваць гэтага маманта, цягнуць гэтага бегемота з багны – зусім марная справа. Але спярша хваля пандэміі, а потым нябачная дагэтуль грамадская актыўнасць прывялі заіржавелы знешне механізм у магутны рух. Усё захісталася, скаланулася, завіравала, што стала поўнай нечаканасцю як для самаўпэўненай улады, так і для ўсяго свету. І ўжо многім стала зразумела, “хто там ідзе у агромністай такой грамадзе”.     

І ня тое, што зараз склалася прынцыпова новая мадэль дзеянняў уладаў. Мы і раней жылі ў дзяржаве, якая амаль заўсёды была супраць чалавека, якая пераважна забірала і нішчыла дарагія для нас рэчы і з’явы – найперш канешне ж нашу беларускую культуру і нашу беларускую мову. Дзяржаве, якая крала ў сваіх грамадзян выбары палітыкаў і ўсялякі іншы выбар, пазбаўляла нас свабоднай будучыні. Дзяржаве, якая карала амаль за кожную публічную праяву нязгоды з дзяржаўным курсам. Дзяржаве, якая цэлы час навязвала ўсім нам чужынскую ідэалогію. Проста ўсё гэта цякло ў такім паўзучым рэжыме, а мы неяк прыстасоўваліся да аўтакратыі, рабілі, што маглі, хоць і цудоўна ўсведамлялі і разумелі, што так “вечна” і нават доўга не можа працягвацца. Бо кожны аўтарытарны рэжым непазбежна з часам альбо слабне і эвалюцыйна ці радыкальна трансфармуецца ў дэмакратычны лад, альбо перарастае ў больш жорсткі таталітарызм. Гэта школьная ісціна, што тлумачыцца, як кажуць, на пальцах. Менавіта апошні варыянт і здарыўся ў Беларусі ў жніўні пасля так званых выбараў-вырабаў. Персаналісцкі аўтарытарны рэжым пры чарговай падтрымцы і патранажы Масквы на вачах вельмі хутка пераўтварыўся ў таталітарны. Цяпер нават не абавязкова збірацца на нейкія акцыі пратэсту. Дастаткова выйсці з дому пакурыць, пайсці ў краму па хлеб, ці на прыпынак сустрэць блізкага чалавека з працы ці школы – праз пяць хвілін кожны, хто выйшаў не ў той час і не ў тым месцы – можа патрапіць пад дубінкі карнікаў і апынуцца ў міліцэйскім жалезным аўтазаку і як следства ў нялюдскіх умовах зняволення. Колькасць затрыманняў за гэтыя няпоўныя тры месяцы паводле падлікаў праваабаронцаў перавысіла ўжо 15 тысяч. Насамрэч яна яшчэ большая, бо фізічна немагчыма злічыць усе праявы і факты пераследу мірных грамадзян. Людзі не скарыліся перад брутальнай навалай і працягваюць змаганне за справядлівасць і волю. Улада становіцца ўсё больш агрэсіўнай, адкрыта пагражае народу новымі рэпрэсіямі і нават расстрэламі, а дзяржаўная прапаганда са скуры вылазіць, каб распаліць усё больш нянавісці. І пакуль невядома, чым скончыцца гэтае зацятае супрацьстаянне.

Але галоўнае зараз, што нікому з беларусаў – ні ў самой краіне, ні за яе межамі стала не сорамна звацца Беларусам. Такой актыўнасці, такой салідарнасці нашай нацыі па ўсім свеце, у розных кутках планеты, яшчэ не было ніколі ў гісторыі. І вельмі ў час нехта прапанаваў зрабіць змены ў правапіс – пісаць назву тытульнай нацыі, так як робіць бальшыня суседзяў – з вялікай літары.   

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ