Гарачыня, гульні і “пахмелле”
Пачатак другога месяца лета. Гарачыня рэзка змяняецца падзеннем тэмпературы і зноў яе ростам. Трава выпалена сонцам. Асабліва ў горадзе, дзе штодзённа сноўдаюць касцы, якімі кіруюць бязмозглыя кіраўнікі жыллёва-эксплуатацыйных службаў. Нібыта гэтая касьба парадкуе тэрыторыю і ратуе насельнікаў ад кляшчоў, што апошнімі гадамі распладзіліся на і так няшчаснай беларускай зямлі. Працуюць гэтыя касцы з сваімі гучнымі апаратамі ад самай раніцы, незалежна ад пагоднай сітуацыі і стану надвор’я. Строга па заранёў, яшчэ зімой, складзеным графіку. Таму і кажу, што бязмозглая гэта практыка. Планавая эканоміка – рэч непахісная і бязлітасная. Хто жыў яшчэ пры савецкім сацыялізме – добра зразумее.
Гарачыня не натхняе да працы. Стан прыроды амаль як у старой песні ўзбекскага гурта “Ялла”: “Гарачае сонца, гарачы пясок, у гарачай пустыні, вады бы глыток”. Натуральна, што людзі імкнуцца на лецішчы, да рэк і азёр, нехта ў адпачынак на мора. Праўда, такую раскошу, як адпачынак на моры і курорце, могуць дазволіць далёка не ўсе жыхары сінявокай Беларусі. Адны таму, што ад веку не могуць вылезці з сваёй звыклай баразны – на тых жа лецішчах, ці калгасных сотках. Іншыя таму, што элементарна не маюць сродкаў на такі замежны адпачынак. Беларусы – усё ж дастаткова бедны матэрыяльна народ па еўрапейскіх мерках. І ўсе абяцанні Вярхоўнакамандуюшчага, які ўжо чвэрць стагоддзя ўпарта і паслядоўна цягне краіну назад у СССР, забяспечыць людзей сярэдняй заробнай платай эквівалентам 500 даляраў, так і застаюцца пустапарожнім гукам. Ды і што такое нават 500 даляраў пры дарагавізне літаральна на ўсё. Вось “слугі народу” – шматлікія чыноўнікі-бюракраты, міліцыянты, іншыя сілавікі, службы, забяспечаны дзяржавай якраз напоўніцу. Ды і пенсія адпаведная. Толькі такая ўжо іх прырода – прыкарытнікаў – усё роўна мала, таму ствараюць розныя, карупцыйныя схемы і крадуць. Канешне, памеры гэтай карупцыі смешныя ў параўнанні з эканамічнымі афёрамі і “аперацыямі” на самым версе. Аднак, што дазволена быку, не дазволена індыку. З усімі адпаведнымі наступствамі.
Вось скончыліся так званыя Другія еўрапейскія, нібыта спартовыя, гульбішчы. Шчыра спачуваю жыхарам Менску – як яны толькі перанеслі гэтую фальшывую паказуху з процьмай нязручнасцяў. Бо свята, навязанае гвалтоўна, зусім не свята. Але ж урэшце скончыліся гэтыя гулі – як заўсёды ўладзе ўдалося і самазадаволіцца і дагадзіць старэйшаму брату па поўнай праграме – тут і русіфікацыя афармлення, і чаканае першынства Расеі ў медальным заліку і нават у фінале сяброўскі прыём першай асобы Крамля ў кампаніі з яшчэ адным вялікім сябрам беларускага народа – уладаром сонечнага Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.
Але пасля такога ўдарнага ідэалагічнага “запою” Беларусь рэзка пераходзіць яшчэ да аднаго рытуальнага перыяду – святкавання 3 ліпеня ў выглядзе “скокаў на касцях”. Напомню, што 75 гадоў таму ў 1944 годзе ў Менск пасля цяжкіх баёў і руйнавання гораду ўвайшлі савецкія войскі. У 1995 годзе Лукашэнка праз рэферэндум вырашыў, што гэтая падзея абсурдна будзе называцца Днём незалежнасці. Дурман гэтага савецкага святкавання павінен яшчэ больш падагрэць градус у галовах суайчыннікаў ва ўсіх сэнсах.
Ну а пасля паводле класічных канонаў надыдзе “цяжкае пахмелле”. Прагназаваць яго надыход і развіццё вельмі проста. Народ будзе стагнаць, але трываць чарговы рост цэнаў, паслугаў і камунальных плацяжоў, прадпрымальнікі і “вертыкальнікі” працягнуць дрыжаць перад вышэйшым начальствам і кантрольнымі органамі ў страху перад чарговым “раскулачваннем”. Ну а прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці і проста асобным актыўным людзям можна рыхтавацца да чарговай хвалі рэпрэсій. Не трэба быць вялікім аракулам, каб спрагназаваць усё гэта напярэдадні так званай “выбарчай кампаніі”. Усё прадказальна, лагічна і непазбежна. Ухіліцца ад палітыкі гэтай сістэмы намнога цяжэй, чым ператрываць гарачыню.
Уладзімір Хільмановіч