«Гётэ капут!»



У галовах начальнікаў РБ ніяк не скончыцца другая сусветная вайна. Вайна – для дзяржаўных ідэолагаў – гэта падмурак, надбудова і вяршыня іхнага мыслення і разумення свету. Як іх паслухаеш – дык гэта яны асабіста перамаглі Гітлера, Гімлера, Герынга, Гёбельса ды іншых правадыроў фашыстоўскай Германіі. Як сваіх перамог няма – то найпрасцейшы спосаб уласнай гераізацыі – прыватызацыя чужых дасягненняў.

Перамагчы – перамаглі, але гэтага мала. І вось ужо генеральны пракурор Швед (на ўсялякі выпадак зацемім, што не швед па нацыянальнасці, але толькі па прозвішчы) выставіў рахункі кантрыбуцыі. Ні то ўласна Германіі выставіў, ні то ўсёй Заходняй Еўропе. Дзіўна, што ён не пайшоў далей – пачынаць варта было б з часоў крыжацкіх набегаў на нашы землі і стратаў, зазнаных пры Грунвальдзе. І патрабаваць рэпарацый напоўніцу. Гэта якія ж грошы можна атрымаць! Геніяльны спосаб аднаўлення і развіцця дзяржаўнай эканомікі – можна Нобелеўскую прэмію даваць.

Але перамагаць – дык да канца, да самага экстазіяльнага і праведнага. Вось працаваў ў Менску інстытут імя Гётэ. А хто ж ведае, хто такі гэты Гётэ – нібыта «пісацель» нейкі? А раптам гэта ён натхняў шаленца Адольфа на напісанне эпічнай «Майн кампф»? А сам пры тым таксама нейкага «Фауста» надрукаваў. А там дзе Фауст – там і фаустпатрон – стоадсоткава экстрэмісцкая літаратура. А тут цэлы інстытут працуе, доннэр-веттэр! Зачыніць і справе канец. Навошта беларусам вывучаць нямецкую культуру і мову!? Тым больш галоўным лінгвістам дзяржавы даўно ўжо было сказана, што ўсё вялікае можна выказаць толькі на дзвюх мовах – расейскай і ангельскай. Так што «Гётэ капут!». Alles ist zu Ende.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ