Інтрыгі вакол Канстытуцыі
Як ведама, асноўны закон кожнай дзяржавы еўраатлантычнай цывілізацыі – гэта Канстытуцыя. Само слова і азначае «упарадкаванне», «уладкаванне», «устанаўленне». Першай канстытуцыяй у сучасным разуменні гэтага панятку як дакумента, што вызначае падзел улады і кампетэнцыю кожнай з іх, стала Канстытуцыя ЗША 1787 года. Непасрэдна ж у Еўропе падмуркі будучага канстытуцыялізму закладаліся яшчэ ў сярэднявеччы. Варта прыгадаць хоць бы Ангельскую Хартыю вольнасцяў ці пазнейшыя тры рэдакцыі нашых статутаў Вялікага Княства Літоўскага.
Канстытуцыя вызначае асновы палітычнай, прававой і эканамічнай сістэм той ці іншай дзяржавы. Але тое, што напісана на паперы, яшчэ не абавязкова ўвасабляецца і адлюстроўваецца ў рэальным жыцці. Так сталінская канстытуцыя «перамогшага сацыялізму», якая была прынятая ў 1936 годзе, гарантавала шырокім працоўным масам усе грамадзянскія правы і вольнасці. А насамрэч у савецкім саюзе панавала па-сутнасці рабства, аснову таталітарнага рэжыму складалі расстрэлы і канцэнтрацыйныя лагеры, дзе былі зняволены мільёны людзей розных народаў. А канстытуцыя была абсалютнай фікцыяй, дэклярацыяй, зусім не падмацаванай нічым у рэальнасці.
Першую Канстытуцыю ў суверэннай гісторыі Беларусь займела ў сакавіку 1994 года. На жаль, век яе быў зусім кароткім. Праіснавала яна, як і гістарычная канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1791 года, зусім нядоўга. Ужо ў лістападзе 1996 года ў Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны рэферэндум, які фактычна скасаваў падзел уладаў і зрабіў ролю парламента чыста дэкаратыўнай. Фактычна як заканадаўчы орган Вярхоўны савет з таго часу перастаў існаваць. Указы прэзідэнта займелі ў рэальнасці вышэйшае юрыдычнае значанне і ўлада паслядоўна канцэнтравалася ў адных руках.
Да пары да часу пра Канстытуцыю ўсе забыліся. І вось раптам у 2020 годзе пачаліся нейкія дзіўныя дыскусіі вакол яе змены. Характэрна, што ідэю праводзіць рэферэндум па канстытуцыі агучваў у сваёй кампаніі і адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на так званых прэзідэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка. Тады гэта здавалася проста нейкімі пустымі словамі. Але неўзабаве пра канстытуцыйны рэферэндум завялі пласцінку і ўлады. А зараз дык нават «усенароднае абмеркаванне» разгарнулі. Толькі не пакідае адчуванне, што накінуты гэты рэферэндум быў звонку, з Масквы, як задума нейкага транзіту вярхоўнай улады ў Беларусі. А сённяшняму правіцелю Беларусі такі рэферэндум у такі неспрыяльны час патрэбен як пятае кола ў возе ці сабаку другі хвост. Але ж спектакль павінен адбыцца.
Паралельна «новая апазіцыя» з часткай старой вядзе нейкую сваю гульню па прасоўванні распрацаванага альтэрнатыўнага праекту Канстытуцыі. Але ці не прасцей было б спярша вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года? Так, яна была недасканалай, з хібамі, асабліва слабым месцам быў раздзел пра мясцовае самакіраванне. Але яна закладала важнейшыя падставовыя рэчы. І галоўнае – адзіную дзяржаўную беларускую мову. Што ж мы бачым у новым праекце пад назвай «Народная Конституция»? У артыкуле 7 чытаем: «Государственными языками в Республике Беларусь являются беларусский и русский языки». Далей у артыкуле ідзе яшчэ адзін пункт, які дэкляруе, што дзяржава будзе спрыяць пашырэнню беларускай мовы як тытульнай мовы Рэспублікі Беларусь. Але такіх байкаў пра «спрыянне дзяржавы» мы ўжо наслухаліся раней. А фактычна альтэрнатыўны праект таксама не вяртае рэальнай дзяржаўнасці беларускай мовы. Прыплылі, як кажуць…
І як тут не прыгадаць словы нашага вялікага паэта Генадзя Бураўкіна: «Калі народ не зразумее, што такое мова, то хай рыхтуецца да таго, што спярша яго будуць абсмейваць, потым ім будуць пагарджаць, а пасля ён проста знікне». А тут атрымліваецца, што неразуменне, што такое родная мова дэманструюць людзі, якія прэтэндуюць звацца палітычнай элітай. Ці ўсё ж разумеюць, але нічога не хочуць рабіць па ратаванні не проста дыскрымінаванай, а фактычна знішчанай як дзяржаўнай беларускай мовы.
Уладзімір Хільмановіч