Кабельная сувязь



Пакуль Расея сцягвае свае сама міратворчыя войскі на тэрыторыю Беларусі, у самой Маскве здарылася неверагодная дыверсія. Невядомыя зламыснікі скралі ў белакаменнай сталіцы амаль паўкіламетра кабеля сувязі Міністэрства абароны Расеі. У паліцыю, як расказала крыніца агенцтва Интерфакс, звярнуўся прадстаўнік адной з вайсковых частак, які неадкладна забіў трывогу. Па яго словах, у тунэлі ў раёне Прачысценскай узбярэжнай спрацавала сігналізацыя. Пры абследаванні было выяўлена, што скралі кабель. Афіцыйна ў ведамстве гэтую інфармацыю так і не пракаментавалі. Застаецца самастойна вылучаць версіі таго, што адбылося. Паводле першай, знікненне кабелю – справа рук беларускіх партызанаў, якія прабраліся ў самы тыл старэйшага брата і нарабілі сурёзнай шкоды. Паводле іншай, кабель пажадліва пагрызлі мышы і пацукі, што даўно абжыліся ў раёне Прачысценкі. Паводле трэцяй, і яе таксама нельга выключаць, ніякага кабелю не было ў тым тунэлі ўвогуле ад пачатку – яго скралі намнога раней, прычым са складу, яшчэ ў час развалу Савецкага саюзу. А схамянуліся і агледзеліся толькі зараз. Мне, як былому сувязісту, што служыў ў савецкім войску, гэтая версія падаецца дастаткова імавернай.

А ўвогуле, як казаў раней адзін літаратар – «ішчо атвеціт кто-та сверху за нашу прэрваную связь». Бо без кабельнай, прабачце, кабельнай сувязі ў век электронікі ніяк. Уявіце сітуацыю – вось пачнуць у расейскім Генштабе ручку камутатара круціць – а ў адказ цішыня. І як тады каардынаваць усе часткі ў цэлае? Як выканаць баявую задачу? Як звязвацца з саюзнікамі па АДКБ? Тэрмінова трэба выпраўляць сітуацыю – няма сумневу, што на гэта будуць кінуты лепшыя вайсковыя сілы і найбольш трывалыя кабелі.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ