Каламутны перапіс
“І вось ён выйшаў ва ўсіх сваіх рэгаліях!” – “А якія ў яго рэгаліі? – “Ну як жа, бронзавы медаль за працу па перапісе 1898 года!”. Гэтыя чэхаўскія радкі прыгадаліся мне надоечы, калі размаўлялі мы з калегамі пра чарговы перапіс насельніцтва, які праводзіцца зараз у Беларусі. Амаль праз сто гадоў пасля чэхаўскага персанажа, зусім напрыканцы існавання Савецкага саюзу, пашчасціла і мне быць перапісчыкам і браць удзел у аналагічнай справе. Пашчасціла таму, што няма большай удачы для студэнта, чым датэрмінова здаваць чарговую экзаменацыйную сесію. А менавіта такая ільгота была нам прадстаўлена ў 1989 годзе. Іспыты і перапіс прайшоў я тады паспяхова. Бронзавага медаля мне чамусьці не далі, але памятны значок і яшчэ аловак, таксама з адпаведным напісам у асабістай калекцыі засталіся.
Але вернемся ў сённяшні дзень. Чарговы перапіс у суверэннай гісторыі Рэспублікі Беларусь ужо трэці. Але да цяперашняга перапісу ў жыхароў хіба найбольшы скепсіс. Недавер гэты грунтуецца на агульным сумневе ў тым, што дзяржава можа абысціся сумленна з сваімі насельнікамі. Перапіс – справа ўвогуле патрэбная і пры сумленным выкарыстанні яго вынікаў безумоўна карысная для кожнай краіны. Але гэта пры сумленным агульным падліку.
Усяго ў перапісным лісце ажно 49 пытанняў. Якія з іх цікавяць найбольш дзяржаву, сказаць цяжка. Беларуская грамадскасць адразу, натуральна, ухапілася за пытанні, якія датычаць моўнай самаідэнтыфікацыі людзей. Пачалася нават грамадская кампанія з заклікам да грамадзян максімальна ідэнтыфікаваць і называць сябе беларусамі. Такая акцыя напэўна патрэбная, але выглядае яна досыць наіўна. У тым сэнсе, што ў краіне, дзе з 1995 года ніхто не лічыць галасы на ніякіх выбарах, не пададуць, канешне, і сапраўдных, рэальных вынікаў перапісу.
Вынік перапісу па гэтых пытаннях патрэбны дзяржаве выключна для палітычных маніпуляцый. Няма сумневу, што сапраўдных лічбаў беларускамоўных і тых, хто лічыць мову тытульнай нацыі роднай, мы не дачакаемся. Калі трэба будзе адбівацца ад жорсткіх маскоўскіх абдымкаў, менскі “Чырвоны дом” будзе апеляваць да высокіх (насамрэч завышаных) лічбаў беларускамоўнага грамадства і палохаць Крэмль патэнцыйнай нестабільнасцю. Калі ж наадварот, будзе вырашана чым хутчэй злівацца з Расеяй у аб’яднальным экстазе, то гэтыя лічбы будуць падавацца нізкімі (а насамрэч істотна заніжанымі), для таго, каб тлумачыць, што мы “амаль адзін народ”.
Першы канфуз са стаўленнем дзяржавы да мовы тытульнай нацыі здарыўся ўжо. Белстат праз мабільных аператараў зрабіў масавую рассылку смс-паведамленняў з інфармацыяй пра перапіс. Зроблена гэта было выключна на расейскай мове, што выклікала справядлівае абурэнне многіх. Пайшла нават грамадская кампанія скаргаў у дзяржаўную арганізацыю, што займаецца перапісам.
Цэлы шэраг пытанняў перапісу датычыць маёмаснага стану грамадзян. Тут у дзяржавы наўпроставы разлік – людзі павінны самы ўсё расказаць пра сваю працу і маёмасць. Нягледзячы на тое, што розныя дзяржаўныя інстытуцыі практычна і так маюць усе звесткі пра кожнага грамадзяніна, важна прывучыць кожнага чалавека да таго, каб ён “быў дысцыплінаваным” і ад страху сам усё расказваў пра сябе.
Для дэмакратычнай дзяржавы перапіс служыць найперш патрэбам эканомікі, дэмаграфіі, дазваляе ажыццяўляць планаванне ў розных сферах уладкавання жыцця народу. У аўтарытарнай дзяржаве перапіс найперш – гэта кантроль над грамадзянамі, улік іх маёмасці. Пунктуальныя перапісчыкі занатуюць не толькі ўсю вашу нерухомую маёмасць – кватэры, гаражы, дачныя надзелы, але і перапішуць дакладную колькасць пладовых дрэў, кустоў парэчак на вашых лецішчах, колькасць курэй і таму падобнае. Няма гарантыі, што гэтыя 5 кустоў парэчак ці агрэсту, ці дзясятак куранятаў, ужо бліжэйшым часам не будуць абкладзены адпаведным падаткам. Цікавіць дзяржаву і хто дзе працуе, падзарабляе, асабліва за мяжой. Так што перапіс для чыноўнікаў стаіць у адным шэрагу з сумнавядомым дэкрэтам аб дармаедстве. А якую “рыбку” будуць лавіць дзяржаўныя структуры ў гэтым каламутным перапісе, даведаемся пасля яго завяршэння.
Уладзімір Хільмановіч