Каронавірус і адказнасць



Пандэмія каронавірусу ламае жыццё свету і звыклы ўклад на нашых вачах. Смяротная катастрофа ў такіх краінах як Італія і Іспанія, наступ пошасці па ўсёй Еўропе, не могуць пакідаць абыякавым нікога, хто хоць крыху можа думаць і спачуваць іншым. Людзей усё больш ахоплівае страх перад неадхільным наступам мору, які надзвычай цяжка спыніць. Страх за сваё жыццё, за жыццё сваіх блізкіх, асабліва старэйшага пакалення. Страх і перад наступнасцю. Сітуацыя тым больш жахлівая, што ніхто дагэтуль не ведае сапраўднай прыроды гэтага COVID 19. Ніхто не ведае, якія генетычныя наступствы ён выкліча ў арганізмах тых, хто ім заразіўся і нібыта вылечыўся.

У Італіі і Іспаніі колькасць захварэўшых дасягнула такой велічыні, што хворых, якіх тысячамі прывозяць у шпіталі, сартуюць нібы бульбу – на тых, каго яшчэ ёсць шанец уратаваць і на тых, каго проста пакідаюць паміраць. Менавіта такі дзеяслоў “сартаваць” гучыць у выпусках навінаў! І гэта новая рэальнасць, забытая насельніцтвам планеты з часу Другой сусветнай вайны. На вайне нават прасцей – там пераважна зразумела, дзе вораг, а дзе свае, дзе фронт, а дзе няма баявых дзеянняў. Дзе трэба ісці ў бой, а дзе можна перадыхнуць. А тут невядома – калі, дзе і з кім можа прыйсці гэты смяротны вірус.

Сярод розных ацэнак і называння прычынаў узнікнення і распаўсюду па ўсім свеце смяротна небяспечнай хваробы дастаткова многа як звышнатуральных, так і канспіралагічных версій. Гіпотэзаў з тлумачэннямі дыяпазонам ад нябеснай кары да прымянення біялагічнай зброі. Аднак вельмі мала гаворыцца пра адказнасць дзяржавы, з якой пайшоў гэты смяротны вірус. Відавочна, што Еўразвяз, а да нядаўняга часу і ЗША не даацэньвалі прэтэнзіі Кітая на сусветную гегемонію і валоданне большай часткай зямнога шарыка. Характэрна і тое, што як толькі палітыка рэспубліканскай адміністрацыі ЗША, скіраваная на абарону эканамічных інтарэсаў амерыканцаў, пачала прыносіць свой плён, а гаспадарка Кітая ўваходзіць у крызіс, і здарыўся гэты выбух смертаноснай эпідэміі. Характэрна, што Паднябесная імперыя параўнальна хутка прайшла пік эпідэміі. Гэта можна растлумачыць жорсткімі каранціннымі мерамі і жалезнай дысцыплінай насельніцтва, а можна падумаць і пра тое, што кітайцы маюць вакцыну супраць COVID 19. А вось тое, што кітайскае кіраўніцтва дастаткова працяглы час ад усяго свету хавала маштаб пагрозы не выклікае ніякіх сумневаў і ёсць па-сутнасці фактам. Амерыка ўжо зрабіла заяву наконт гэтага. Кіраўніцтва Еўразвязу не зрабіла і не зробіць. Ніякія міжнародныя арганізацыі і структуры, кшталту канчаткова дэградаваўшай ААН, не заклічуць да адказнасці вінаватых у хаванні інфармацыі.

 А цяпер крыху халоднай статыстыкі. У Кітаі ад эпідэміі памерла каля 3 300 чалавек. Гэта з 1 мільярда 400 мільёнаў чалавек. У маштабах такой густанаселенай вялізнай краіны па-сутнасці не больш, чым у час штогадовых хваробаў на звычайную грыпу. А ў Італіі ўжо памерла 8 300 (і працягвае па паўтысячы кожныя суткі гінуць) з 60 мільёнаў насельніцтва. Адчуваеце розніцу?!

Таксама можна ўпэўнена прагназаваць, што пасля піку пандэміі і, спадзяемся, ліквідацыі яе сумных наступстваў, практычна ўсе еўрапейскія краіны будуць перажываць сур’ёзны эканамічны крызіс, а некаторыя дзяржавы магчыма і заняпад. Адначасна кітайская эканамічная экспансія зноў пачне нарастаць і падпарадкоўваць усё новыя тэрыторыі. А пакуль Кітай разам з іншымі таталітарнымі дзяржавамі – Расеяй, Паўночнай Карэяй, Іранам выступілі за здыманне ў дачыненні да іх эканамічных санкцый. Маўляў, гэтыя санкцыі замінаюць урадам змагацца з эпідэміяй. Нібыта для гэтых урадаў чалавечае жыццё нешта значыць…

У звязку з пагрозай эпідэміі дастаткова сціпла прайшло ў Беларусі адзначэнне чарговых угодкаў абвешчання БНР. Аднак Дзень Волі ў розных, хоць і зразумела чаму сціслых формах, святкаваўся і адзначаўся ў Гродне, Брэсце, Мінску, Глыбокім, Пінскім, Аршанскім раёнах, Лідзе, Слоніме, іншых гарадах і меншых мясцовасцях краіны. Усе мы, пакуль дыхаем, спадзяемся. І марым пра вольную і здаровую краіну. 

Уладзімір Хільмановіч 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ