Казка пра цара Саяна
Пакуль расейскае ваеннае камандаванне штабялямі ўкладвае сваё шматнацыянальнае войска ў зямлю палёў і стэпаў Украіны, у самой Расеі працягваюць святкаваць Год культурнай спадчыны народаў вялізнай тэрыторыі, якая раней называлася адной шостай часткай свету. Пасля распаду савецкага саюзу той тэрыторыі паменела, але ўсё роўна Расея застаецца агромністай прасторай, па якой носіцца ліхі чалавек, як некалі казаў незабыўны чэхаўскі герой.
Вайна вайной, ці спецаперацыя спецаперацыяй, а шоў павінна працягвацца. У маладым але слаўным месце Саянску, што ў Іркуцкай вобласці, святкавалі дзень гораду. Мэр гораду з беларуска-польскім прозвішчам Бароўскі прыйшоў на фэст, апрануўшыся ў касцюм цара. Да ўсяго гэты гарадскі галава пазней павыкладаў свае тэатральныя фотаздымкі ў сацсеткі. На крытычныя заўвагі карыстальнікаў інтэрнэту, што ня можа быць у дзяржаве двух цароў, Алег Бароўскі схамянуўся і пачаў даводзіць, што гэта быў толькі вобраз пушкінскага цара Салтана. А паколькі Пушкін – гэта расейскае ўсё, то і дакараць яго няма за што. Да ўсяго Бароўскі заявіў, што на ранейшых гарадскіх святах ён быў і снегавіком, і капітанам, і Дзедам Марозам і нават сланечнікам. Такі вось унікальны саянскі мэр – актор і майстар пераўвасаблення.
Казачны пушкінскі персанаж Салтан цягам паэтычнага аповяду паехаў на вайну. Бароўскага, гледзячы на яго салідныя ўзрост і камплекцыю, на фронт хутчэй усяго не адправяць. Але апранацца ў касцюм якога б то не было цара, ён больш наўрад ці будзе.
Уладзімір Хільмановіч