Хакей без супернікаў і клюшак



Беларускі спорт, які падпаў за кампанію з расейскім пад заходнія санкцыі, працягвае дэградаваць. Яго развіццё ў выніку бяздумнай дзяржаўнай палітыкі і часцяком абсурднай ідэалогіі і так апошнія гады ледзь не ў вырай збіралася, ці, як яшчэ кажуць у народзе, ішло як галасок у пясок. А цяпер, калі бальшыня федэрацый па розных відах спорту ўжо адлучана ад пераважнай бальшыні важнейшых міжнародных спаборніцтваў, працягвае скочвацца на еўрапейскую ўзбочыну дарогі ды аматарскі ровень.

Так хакейная дружына краіны, разам з «старэйшым братам» выкінутая з чэмпіянату свету. Цяпер гэтай камандзе толькі і застаецца гуляць што з расейцамі. Што яны і робяць, зразумела, што пры тым беларуская каманда цэлы час прайграе – гэткая роля аўтсайдара падстаўляцца і дастаўляць задавальненне маскоўцам. І невядома, ці такая істотная розніца ў хакейным майстэрстве, ці проста няма права выйграць хоць раз. Гэта толькі на гратэскавым калядным турніры на прызы Лукашэнкі беларуская каманда пераважна атрымлівала права перамагчы ў нязменным прадказальным фінале расейскую. Праўда, у 2022 годзе не змаглі правесці нават такі турнір. Цяперашні хакей у Беларусі без росту талентаў, без сапраўдных фанатаў, без нацыянальнай сімволікі, а хутка можа і без клюшак – нам непатрэбны.

Застаецца парадавацца толькі за аднаго беларуса, які згуляе на першынстве свету – гэта сын ведамага беларускага хакеіста Віктара Карачуна – Аляксандр, які выступіць за дружыну Германіі.

А ў беларускім футболе днямі ўвогуле здарыўся анекдатычны выпадак. У адной з сустрэч на Кубак Беларусі пасля асноўнага часу гульні, які скончыўся ўнічыю, суддзя рашуча адразу загадаў гульцам біць пасляматчавыя пенальці. Не стрымаў яго і інспектар матча, які лічыцца экспертам у футбольных правілах. А між тым рэгламент абавязвае адгуляць у такіх выпадках яшчэ два дадатковыя таймы па 15 хвілін. У выніку, пасля таго як разабраліся ў пакой неверагоднай памылцы, пастанавілі правесці паўторны матч. Але, што цікава, ні суддзю, ні інспектара не адхілілі ад сваіх абавязкаў, яны атрымалі новыя прызначэнні. Відаць дайшлі да поўнай кадравай беднасці, як кажуць, прыплылі.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ