Кнігі, якія нас выбіраюць
Сямейная легенда сведчыць пра тое, што чытаць я навучыўся ў 4 гады. У чатыры то можа яшчэ і не, але ў пяць дакладна чытаў буквар і з таго часу наступныя амаль пяцьдзесят гадоў кніжкі былі і застаюцца найлепшымі для мяне падарункамі. Памятаю сваё дзіцячае нейкае асаблівае трымценне перад літарамі, якія магічна можна было складваць у словы. Гэта выглядала такім цудатворным дзеяннем, якое не магло не адбіцца на светаглядзе. Прыгадваецца эпізод з дзяцінства, калі я быў у гасцях у роднага дзядзькі ў Шчучыне. Нейкая дзяўчынка выкідала пластыкавыя літары з пятага паверху вялікага дому на вуліцу, а я збіраў іх на асфальце як скарб.
Нядаўна вядомы расейскі пісьменнік і публіцыст Міхаіл Веллер сказаў, што ў юнацтве яму расейская мастацкая літаратура нічога не дала ў плане духовага развіцця і росту. Падзяляю гэты пункт гледжання. Тым больш, што школьная праграма не магла зацікавіць ніякай літаратурай аніяк. Згодзен з Веллерам, што найперш у школьную праграму трэба ўключаць творы сучаснікаў, а не занудлівых для дзяцей Тургеневых-Талстых-Дастаеўскіх. Хоць «Яўген Анегін» Пушкіна мяне крыху «зачапіў».
Асабіста мяне тады захаплялі прыгодніцкія раманы французскіх аўтараў Аляксандра Дзюма і Жуля Верна, глыбінныя сачыненні іх суайчынніка Віктара Гюго, творы брытанцаў Джанатана Свіфта, Роберта Стывенсана і Герберта Уэлса, амерыканцаў Эдгара По, Марка Твена, Фенімора Купера, Джэка Лондана. Чытаў іх цэлымі зборамі твораў. Уразіў гістарычны раман Рафаэла Джаваньёлі «Спартак», паланіў твор Рафаэля Сабаціні «Адысея капітана Блада» пра піратаў Карыбскага мора. Захаплялі розныя кніжкі пра старажытных людзей, паляванні на мамантаў, аўтараў ужо не памятаю. Некалькі разоў перачытваў кнігу фантаста, прафесійнага географа Уладзіміра Обручава «Плутонія» пра дыназаўраў – бадай адзіную на той час ў сваім родзе. Запомнілася, што тая кніжка была выданая яшчэ да вайны, здаецца ў 1938 годзе. І ёсць адчуванне, што гэта не мы выбіралі гэтыя кнігі, а яны нас. Існуе тэорыя, што характар і паводзіны чалавека залежаць ад таго, што яму ўдалося прачытаць у дзяцінстве-раннім юнацтве.
На 16 маіх гадоў старэйшы брат падарыў мне кнігу з раманамі Ільфа і Пятрова «Двенадцать стульев» і «Золотой телёнок». Гэтыя раманы – вяршыня тонкага гумару і сатыры на савецкую рэчаіснасць. З кніжак такога роўню гумару згадваецца твор фінскага пісьменніка Мартці Ларні «Чацвёрты пазванок». Пазней захаплялі навэлы амерыканскага майстра слова О’Генры.
З беларускай школьнай літаратуры юную душу не магло крануць бадай нічога. Ці амаль нічога. Хоць усё ж байкі Кандрата Крапівы падабаліся і запаміналіся многім. З пазакласнай літаратуры мяне захапляў Янка Маўр, асабліва яго аповесці «У краіне райскай птушкі « і «Сын вады», ды і славутыя «Палескія рабінзоны», дзе падзеі адбываліся сярод беларускіх балот. А першай замежнай кніжкай па-беларуску стаў несмяротны твор Даніэля Дэфо «Рабінзон Круза». Адтуль я даведаўся апрача іншага мноства новых беларускіх слоў.
У войску давялося перачытаць амаль усё, што было выдадзена на той час з расейскай паэзіі, найперш 19 стагоддзя, усяго Антона Чэхава, і шмат чаго яшчэ. Пра што, канешне, не шкадую. Тады ж у рукі трапіла кніга Кастуся Тарасава «Памяць пра легенды», якая ўслед за Караткевічам адкрывала вочы на нацыянальную гісторыю. Мой вайсковы напарнік па дзяжурстве на радыёстанцыі, таксама кнігалюб, паглынаў розныя выданні, якія былі ў нашай вайсковай бібліятэцы, ва ўсіх сэнсах. Ён краў кніжкі з бібліятэкі, працягваючы традыцыю сваіх папярэднікаў расейцаў, і перасылаў іх вялікімі пасылкамі сабе на радзіму – у горад Калінін (ранейшую і цяперашнюю Цвер). З ім было цікава размаўляць пра літаратуру, гуляць у шахматы, весці дыскусіі, але ўжо тады па ім і многіх іншых расейцах было зразумела, як яны атручаны імперскай прапагандай і наколькі вышэй лічаць сябе іншых народаў СССР.
У старэйшым узросце я ўжо не мог чытаць таўшчэзныя раманы, паколькі мне бліжэй сталі кароткія жанры. Таму зараз цяжкавата адольваю грунтоўныя кніжкі нават сяброў-пісьменнікаў і знаёмых аўтараў. Але кнігі дзяцінства і юнацтва, здаецца, і зараз вядуць па жыцці.
Уладзімір Хільмановіч