Куды круціцца «русскій мір»?



Кожны трэці расеец (гэта ажно 35% ад усяго насельніцтва дзяржавы) перакананы, што Сонца круціцца вакол Зямлі. Такія дадзеныя апытання прывёў днямі Усерасейскі цэнтр вывучэння грамадскага меркавання. Даследнікі дадаюць таксама, што за апошнія 15 гадоў гэты паказнік вырас ажно на 7 адсоткаў. Акрамя гэтага 7 % апытаных перакананыя, што радыяактыўнае малако можна зрабіць бяспечным, каля яго перакіпяціць. А яшчэ 21% рэспандэнтаў лічыць, што першабытныя людзі маглі прагульвацца побач з дыназаўрамі. Такі светагляд насельнікаў імперыі, якія перакананыя, што яны ёсць цэнтрам усёй асветы і глыбіннай духовасці і ўвесь іншы свет павінен круціцца вакол «русского міра».

Можна было б не паверыць у паданыя вышэй лічбы, але які сэнс сацыёлагам у такіх апытаннях нешта фальшаваць. Тым больш, што многія ведамыя асобы публічна засведчылі сваю абазнаннасць у прыродзе рэчаў. Прыкладам ведамы і некалі досыць папулярны на прасторах савецкага саюзу папсовы спявак Юрый Лаза зняпраўдзіў тысячагадовую навуку і выказаў меркаванне, што Зямля не зусім круглая, а можа нават зусім і не круглая, а плоская. Некалі гэты спявак і зацяты апалагет «особого пути» Расеі вучыўся на геаграфічным факультэце Казахскага дзяржаўнага ўніверсітэту і быў камсоргам групы, але так і не давучыўся, кінуўшы ўстанову. Але заняткі навукай, па яго словах, не кінуў дагэтуль і працягвае радаваць сваіх прыхільнікаў новымі «адкрыццямі». Сярод іх і тое, што абём Зямлі і Сонца зусім не такія, як падае сусветная навука. Некалі іншыя расейскія спевакі надрываліся, выконваючы раманс так да канца і невысветленага аўтара: «Ах, русское солнце, великое солнце!». Так што не ўсё так адназначна. Ёсць агульнаведамае нябеснае свяціла і ёсць «русское солнце». Яно і памераў большых і круціцца асабліва.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ