Куды паверне вайна?
На зыходзе трэцяга месяца гарачай стадыі расейскай вайны ва Украіне, праўдападобна надыходзіць карэнны пералом на карысць абаронцаў сваёй Айчыны. Маскоўскі агрэсар пакрысе адпаўзае, але імкнецца замацавацца на захопленай украінскай тэрыторыі. Сярод расейскай, як крычалі акупанты, непераможнай і магутнай арміі пачынаецца «разброд и шатания». Вайна ідзе на знясіленне абодвух бакоў і пакуль прадказаць, як далей будуць разгортвацца падзеі, досыць цяжка.
Зразумела толькі пакуль некалькі рэчаў: матэрыяльныя рэсурсы расейскага войска будуць цэлы час змяншацца, а патэнцыял Узброеных сілаў Украіны, дзякуючы падтрымцы заходніх дзяржаў, расці. Непараўнальная і ідэйная матывацыя асабовага складу – украінцы змагаюцца за вызваленне сваёй зямлі і перапоўнены прагай помсты акупантам за тыя жахлівыя злачынствы, якія яны здзейснілі ў дачыненні да мірнага ўкраінскага насельніцтва. З іншага боку, у расейцаў ніякай мэты, а тым больш высакароднага памкнення, няма і быць ня можа. Памерці за пару тысяч даляраў, якія выплацяць сям’і загінулага – матывацыя досыць сумнеўная. Гэта выдатна ўсведамляюць і ў Крамлі, таму і не абвяшчаюць усеагульную мабілізацыю, праводзячы яе лакальна і прыхавана. А калі ўсё ж наважацца на такі публічны афіцыйны крок, то расейскія ваенкаматы чакае масавы сабатаж і так званае ўхіленства. Папулярнасць пуцінскага рэжыму, якая была шалёнай на пачатку ўварвання ва Украіну, ужо і так істотна знізілася, абвяшчэнне татальнай мабілізацыі абрушыць яе напоўніцу. Бо адна справа слухаць тэлевізар і пырскаць шавіністычнай слінай, а зусім іншая – ісці паміраць на чужой тэрыторыі невядома за што.
У той сітуацыі, якая склалася, пуцінскай арміі не ўдалося дамагчыся нават выканання лакальных ваенных задач. А гэта значыць, што ўзрастае пагроза прымянення тактычнай ядравай зброі. Бо крамлёўскаму фюрэру патрэбныя хоць нейкія «поспехі». Цікавы погляд на сітуацыю беларускіх палітыкаў. Зянон Пазьняк перакананы, што ў дзеяннях расейскага кіраўніцтва нельга шукаць нейкага рацыянальнага зерня і маскоўцы здольныя на усялякае злачынства, якое не пралічваецца лагічна. І магчымасць ядравага ўдару здаецца тым большая, чым разумней даказваюць яго немагчымасць «заходнія разумнікі і эрудыраваная руская агентура». «Калі б такое здарылася, то можна абсалютна дакладна прадбачыць, што ядзерны ўдар будзе нанесены толькі з тэрыторыі Беларусі і толькі з пляцоўкі каля Астравецкай АЭС (для карэкцыі ўдару ў адказ і для знішчэння Вільні і паловы Беларусі ня рускай зброяй). Дзеля эфектыўнай агрэсіі і пазбягання страт мордару якраз і патрэбна чужая тэрыторыя».
Іншы вядомы палітык Андрэй Саннікаў лічыць, што Пуцін канешне здольны на прымяненне ядравай зброі, але здзейсніць такое з Астравецкай пляцоўкі немагчыма тэхнічна. Няма ў гэтым і ваеннага сэнсу. «Шахтаў няма, адкуль будзе пуск? На якую адлегласць? Ракеты на рэйках патрабуюць пускавых пляцовак – такіх няма. Мабільная ракеты на цягачах таксама патрабуюць моцных бетонных плятформ. Дзе яны ёсць? Якой адлегласці ракеты плануецца пускаць? Ніякіх шахтаў пускавых няма. Тыя, што былі для ракет сярэдняй і меншай даўжыні былі знішчаны паводле Дамовы паміж СССР і ЗША да 1991 года, і гэта пракантралявалі амерыканцы. А іншых у нас, у адрозненні ад Украіны, і не было».
З Саннікавым не пагаджаецца Сяргей Навумчык. Як старшы лейтэнант запасу, які ў 1984-96 гадах служыў у ракетным дывізіёне ў Заслонаве (Лепельскі р-н), ён прыгадвае: «Нашы чатыры ракетныя пускавыя ўстаноўкі тыпу «Луна» паводле загаду мусілі высунуцца ў пэўны раён (звычайна ня больш 10 км – і не па рэйках, а на самых звычайных колах), разгарнуцца, правесці метэрэалагічныя вымярэнні (на ўсё гэта даваліся хвіліны) і зрабіць удар тактычнай ядравай зброяй па вызначаным аб’екце. Далёкасць палёту ракеты – 130 км, дапушчальнае адхіленне ад цэлі – 10 метраў (такое было на вучэннях у Капусціным Яры ў 1985 годзе, стралялі балванкай). 130 км – калі браць Астравец – Вільня патрапляе ў радыус».
Зараз усе чакаюць куды паверне вайна. А сітуацыя для Беларусі ў кожным разе застаецца надзвычай трывожнай.
Уладзімір Хільмановіч