Курская дуга і тамбоўскія ваўкі
На гэтым тыдні Вярхоўны Глаўнакамандуюшчы РБ сустрэўся ажно з кіраўніком Курскай вобласці. Прозвішча гэтага губернатара, зрэшты, досыць нашае – Раман Старавойт. Праўда ніякага мясцовага самакіравання ў Расеі, якая ніколі не мела ў адрозненне ад нас традыцый Магдэбургскага права, не было і няма. Так што паходжання гэты губернатар зусім не расейскага. Ды не ў гэтым соль, як кажуць. Характэрны ровень сустрэч начальніка Беларусі – ён панізіўся да рэгіянальных расейскіх генерал-губернатараў. А быў час запрашаў на Елісейскія палі Жак Шырак (пра мёртвага былога французскага прэзідэнта лепш нічога больш не казаць), яшчэ не так даўно расчыняў свае апостальскія дзверы Ватыкан, клікалі розныя іншыя еўрапейскія сталіцы. У менскі Чырвоны дом прыязджалі палітыкі рознага калібру і вагі. А цяпер толькі Курская дуга і застаецца. Курскай вобласці Беларусь гатовая прапанаваць ажно «супрацоўніцтва пад ключ», як было заяўлена ў афіцыёзных медыях. Так што па выніках гэтай высокай сустрэчы Курская вобласць мае намер «увайсці ажно ў топ-10 расейскіх рэгіёнаў у сферы ўстойлівага развіцця, ну а наш бок гатовы спрыяць у дасягненні гэтай задачы».
Цікава стала, а якія ж ужо рэгіёны ўваходзяць у гэты топ. Можа якая Тамбоўская вобласць? Тамбоў жа ёсць пабрацімам самой Гародні. Канулі ў лету найлепшыя 1990-ыя гады, якія толькі савецкія людзі называюць «ліхімі». Тады горад над Нёманам пашыраў супрацу не толькі з гарадамі суседніх Летувы і Польшчы, але і з нямецкім Міндэнам, французскім Ліможам. Ішоў інтэнсіўны культурны абмен, былі творчыя візіты, рэалізоўваліся цікавыя праграмы. Зараз гэта ўжо ўсё забылася. З 2015 году галоўным пабрацімам Гародні быў прызначаны Тамбоў. Усім добра памятная прымаўка – «тамбоўскі воўк табе таварыш». Не ведаю, ці магчымая нейкая супраца паміж згаданымі гарадамі ў галіне эканомікі, а вось у сферы культуры цяжка нават тэарэтычна ўявіць нейкую супрацу. Хоць супраца ў галіне навукі і турызму якраз дэкляравалася.
Днямі з Тамбова прыйшла такая інфармацыя – там забілі мясцовага «цукровага караля», застрэліў яго нейкі прадпрымальнік, які пасля скончыў і з сабой. Такія іх норавы – як кажа іншая прымаўка: з ваўкамі жыць – па-воўчы выць. Так што неяк не спяшаюцца беларускія турысты ў слаўны горад Тамбоў.
Уладзімір Хільмановіч