Ленінскі суд



10 снежня цывілізаваны свет чарговы раз адзначыў угодкі прыняцця сусветнай Дэклярацыі правоў чалавека. Прызнае гэтую дэклярацыю і Рэспубліка Беларусь, згадка пра гэтую дату прапісана нават у кожным школьным дзённіку. Але Дэклярацыя правоў нібыта ёсць, а самых правоў у беларусаў у сваёй дзяржаве па-ранейшаму ніякіх. Варта хоць бы пару разоў апынуцца ў залах судовых пасяджэнняў, каб зразумець на якой стадыі развіцця юстыцыі знаходзіцца гэтая сістэма прыніжэння, дыскрымінацыі людзей, а часам і непрыхаванага здзеку з іх. Асабліва калі разгляд судовых справаў звязаны з асноўнымі грамадзянскімі правамі, правам на свабоду слова і выяўлення сваіх поглядаў. Фантасмагорыя, гратэск, ігнараванне фактаў, тэатр абсурду – усё гэта пераплецена на такіх працэсах і ня можа не здзіўляць нават звыклых з такім фарсам, аформленым у судовую “абгортку”.

Вось яскравы прыклад як дзеіць судовая сістэма ў Беларусі. Нейкі невядомы нам “товарищ полковник”КГБ (а можа маёр, а можа вышэй палкоўніка) аддае загад пакараць удзельнікаў Дня памяці паўстанцаў 1863 году, што прайшоў 26 кастрычніка бягучага году ў Сьвіслачы. Як жа так, сабраліся людзі ўспомніць сваіх нацыянальных герояў, ускласці кветкі да магілаў патрыётаў, запаліць знічы – навідавоку ўсе прыкметы “злачынства”. І вось адзін з выканаўцаў ганебнага загаду і начальнікаў сьвіслацкай міліцыі Віктар Ганчарэвіч высмоктвае з пальца і складае фальшывыя пратаколы пра нібыта здзейсненыя адміністрацыйныя правапарушэнні. А суддзя Ленінскага (нездарма ён завецца Ленінскім!) раённага суда Гародні Алена Пятрова, нягледзячы на ўсе факты і сведчанні на нашу карысць, штрафуе нас, чатырох чалавек, агулам на 100 (!) базавых велічыняў, прыносячы ў даход дзяржавы за 2 гадзіны сваёй “працы” 15 мільёнаў беларускіх рублёў (што ў пераразліку складае амаль тысяча чатырыста даляраў). Пры тым і факты і сведчанні міліцыянтаў, якія самы пацвярджаюць, што мы не парушалі грамадскі парадак, на нашу карысць. Але суддзя, дама бальзакаўскага веку, трактуе факты, так як ёй трэба. Міхал Карневіч прадстаўляе ёй пасведчанне пра афіцыйную акрэдытацыю журналіста, накіраванне рэдакцыі ў Свіслач, але ўсё гэта папросту ігнаруецца. Суддзя фактычна не прызнае яго журналістам. Караюць нас апрача ціхай прысутнасці ў Сьвіслачы і за фотаздымак, зроблены ў колішнім фальварку Каліноўскіх Якушоўка ля памятнага крыжа. На гэтым здымку пару чалавек разгарнулі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Караюць не толькі іх, але і многіх з тых, хто быў побач. Дзяржаўныя органы лічаць гэта злачынствам.

Далей. Заяўляю на працэсе хадайніцтва пра тое, каб мае сведчанні занатоўваліся па-беларуску. А суддзя кажа, што ў іх кампутары няма беларускага алфавіту, гэта зрабіць немагчыма і адмаўляе ў такім праве. Дык што гэта нейкае прыватнае судзілішча ці дзяржаўны суд?! У Рэспубліцы Беларусь у судзе няма месца для беларускай мовы! Дык хто дыскрэдытуе гэтую дзяржаву – мы журналісты, якія пішам праўду і якіх цэлы час за гэта пераследуюць, ці вось такія “ленінскія суды”?!

Але чаго тут здзіўляцца. Былі ўжо зафіксаваныя такія выпадкі, калі ў Менску засудзілі нямога за тое, што ён “выкрикивал антиправительственные лозунги”, а ў Гародні аднарукага, за тое, што пляскаў на знак пратэсту ў далоні. Ды і што нашы дробныя адміністрацыйныя справы ў параўнанні з тым беззаконнем, якое дзеецца па справах крымінальных. З тымі катаваннямі і здзекамі, якія трываюць зняволеныя ў турмах і калоніях. З той колькасцю зняволеных (а Беларусь па статыстыцы тут на адным з першых месцаў у свеце!) і несправядліва, альбо неадэкватна засуджаных.

Светам кіруюць сімвалы. І пакуль у Беларусі будуць стаяць помнікі стваральніку адной з найзлачыннейшых сістэм у гісторыі чалавецтва, пакуль суды будуць “ленінскімі”, не будзе ні правоў чалавека, ні парадку, ні справядлівасці, ні дабрабыту.

Як у тым старым хіце папулярнага беларускага рок-гурта: “А Ільіч усміхаецца”.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ