Лёс нашага пакалення
Чым больш жывеш на гэтым свеце, тым больш задумваешся над лёсам нашага пакалення. На яго зямны адрэзак жыцця выпала дастаткова шмат падзей і працэсаў. Ад развалу савецкага саюзу да рэнесансу нэабальшавізму на тэрыторыі Беларусі. Ад падзення муру паміж камуністычным светам і свабоднай Еўропай да паўстання фактычна новай жалезнай заслоны. Ад рамантычнага захаплення новым беларускім Адраджэннем да расчаравання ў многіх людзях, ад надзейнасці верных сяброў да здрады і крывадушнасці цэлага шэрагу вядомых асобаў. За дзесяцігоддзі пройдзена немалая жыццёвая дарога, накоплены разнастайны досвед і…усё прайграна. І застаецца пасыпаць галаву попелам – як казалі старажытныя: vаe viсtis (гора пераможаным!). Ці ўсё ж яшчэ не ўсё прайграна? Бо прыйшло новае пакаленне змагароў за беларускую ідэю, выспела новая салідарнасць, кшталтуюцца і фармуюцца новыя формы ўзаемадапамогі і падтрымкі. І панаванне цемры і чорных сілаў зусім не бясконцае. Падаецца, што галоўнае зараз – не кідацца ў скрайнасці, не паддавацца адчаю, верыць у тое, што Беларусь урэшце вызваліцца ад акупантаў і стане вольнай краінай.
Нашы палітвязні ў сваёй пераважнай бальшыні выклікаюць не проста павагу, а нейкае глыбіннае захапленне і нават нешта большае, што цяжка выразіць словамі. Проста неверагодна, што ў гэтых людзей такая вера, мужнасць і сіла духу. Чытаючы іх лісты, пасланні і вестачкі, мы на волі пераконваемся ў нязломнасці чалавечага духу і нейкай глыбіннай хрысціянскай місіі нашай нацыі. Тут можна было б пералічаць многія імёны, дзясяткі палітвязняў, якія даюць нам прыклад такой высакароднасці і велічы. Згадаю тут толькі адну асобу – шматдзетную маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар, якую засудзілі да чатырох гадоў калоніі. У сваім апошнім слове на ганебным судзілішчы яна сказала наступнае: «Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо я жыву па Божых Запаветах. Як мама і каталічка я стаю на варце чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні прадыктаваныя любоўю да людзей і нянавісцю да хлусні і гвалту. Мы ўсе — дзеці Божыя. Кожны з нас мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да Валадарства Божага, дзе пануе любоў. У Валадарстве Божым няма нянавісці, хлусні, зайздрасці, помсты і страху. Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходна пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс ў краіне. У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе: звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі, пачуцці крыміналізаваныя. У матэрыялах справы ёсць фота з плакатам, на якім напісана «Мір, любоў, свабода!». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міру для сваёй роднай краіны», – патлумачыла Вольга сваё стаўленне да мірных пратэстаў мінулага году. Пасля такіх слоў тыя, хто на адноснай волі, проста не маюць ніякага права апускаць рукі і падаць духам.
Напярэдадні Раства Хрыстова хочацца прыгадаць таксама словы ксяндза беларускага паходжання Ежы Папялушкі з яго апошняга казання: «Толькі той можа перамагчы зло, хто сам багаты дабрынёй, хто клапоціцца пра развіццё і ўзбагачэнне сябе тымі якасцямі, што кажуць нам пра чалавечую годнасць Божага дзіцяці. Памнажаць дабрыню і перамагаць зло – значыць клапаціцца пра годнасць Божага дзіцяці, пра сваю чалавечую годнасць. У наш час трэба шмат гаварыць пра чалавечую годнасць, каб зразумець, што чалавек узвышаецца над мудрасцю ўсяго свету, пераўзыходзіць усё, што можа існаваць у свеце, акрамя Бога… Захоўваць годнасць, каб мець магчымасць памнажаць дабрыню, перамагчы зло – значыць заставацца ўнутрана свабодным, нават ва ўмовах знешняга паняволення, заставацца сабой у кожнай жыццёвай сітуацыі. Як сыны Божыя, мы не можам быць нявольнікамі. Свабода даецца чалавеку як адзнака вымярэння ягонай велічы. Але свабода – не толькі дар Божы, але таксама і заданне для нас».
І хочацца верыць, што наша пакаленне яшчэ не сказала свайго апошняга слова.
Уладзімір Хільмановіч