Людзі і чалавечкі
Разумных народаў на свеце, праўдападобна, не засталося. Ня толькі мы, беларусы, такія недалёкія. Заакіянскія амерыканцы двойчы выбіраюць на свайго прэзідэнта Абаму, еўрапейскія французы Аланда. Не буду тут расшыфроўваць – sapienti sat. Украінцы не так даўно выбралі Януковіча, за што нацыя ўжо заплаціла дарагую цану ў сотні, а можа ўжо і тысячы жыццяў. Большасць беларусаў сваю жорсткую памылку зрабіла дваццаць гадоў таму. За гэтыя 20 гадоў жыццё адкінула ў развіцці дзяржаву Беларусь на многія дзесяцігоддзі. А галоўнае – адкінула людзей у развіцці. У мысленні, у разуменні, у асэнсаванні свайго існавання на гэтай зямлі. У выніку – знешне нібыта здаровыя людзі з нейкім перакручаным, збочаным, алагічным і абсурдным мысленнем. Вось стаіць група людзей у чарзе банку: абмяркоўваюць міжнародныя навіны, апошнімі словамі праклінаюць амерыканскую знешнюю палітыку і тут жа ўслед адзін за адным скупляюць… амерыканскія даляры. Хіба гэта ня від шызафрэніі, раздваення ў адной галаве? Такія вось зялёныя чалавечкі: Амерыку зацята ненавідзяць, даляр – любяць больш за родных брата з сястрою. Еўропу ненавідзяць – і ўсе як адзін на замежных іншамарках машынаў. Ніхто ў гісторыі столькі для вынішчэння беларусаў не зрабіў як Расея з Нямеччынай. Але вось прыходзіць які-небудзь спартовы форум і “народ” – канешне заўзее за “старэйшага брата”, ну а так званая эліта – за Германію. Бэсцяць польскія парадкі і адначасна ляцяць па “Карту паляка”, а ў каго не знайшлося нават прапрадзеда, ахрышчанага ў касцёле, душацца ў чэргах па запаветную шэнгенскую візу. Беластоцкія супермаркеты перапоўнены грамадзянамі Беларусі, якія скупляюць усё запар і усімі праўдамі і хітрасцямі валакуць пасля праз мяжу да сябе. І так ва ўсім. Працуюць хіба найбольш з усіх еўрапейскіх народаў, матэрыяльна жывуць – хіба найгорш на кантыненце. Але кажуць, што добра, што ўсё ёсць, што няма вайны. Скажаце – узорны хрысціянскі мінімалізм. Але ж не туды тое, бо паўсюль сквапнасць, зайздрасць і імкненне ўрваць хоць што на халяву. Ці возьмем сферу паслугаў. Выклікаеш якога-небудзь сантэхніка, ён тры дні да цябе едзе, а потым, прыехаўшы, паводзіцца як нейкі прафесар мікрабіялогіі: ходзіць з важным выглядам і урэшце кажа, што нічога зрабіць немагчыма. А калі магчыма, то гэта так складана, што будзе патрабаваць тыдня падрыхтоўкі, яшчэ столькі ж часу працы, ну і будзе каштаваць месяцавую заробную плату таго ж прафесара мікрабіялогіі. Ну і на канец, калі ўсё зробіць (пра якасць тут маўчым), то нечакана высвятляецца, што матэрыялы і праца разы ў паўтары падаражэлі. Безумоўна, трапляюцца ў іншыя спецыялісты, сапраўдныя майстры сваёй справы, якія і дакладныя як швайцарскі гадзіннік, і справу сваю ведаюць дасканала. Але такія ўсюды ў меншасці. Большасць – гэта тыя сама зялёныя чалавечкі, якія сядзяць у балоце і з твані сваёй вылазіць ня хочуць. Адурманеныя расейскай прапагандай, яны вераць тэлевізару болей, чым голасу элементарнага розуму. Але і тут раздваенне ў галаве – расейцаў яны таксама ненавідзяць, гэтыя беларускія вечныя “партызаны” часта маўчаць, але маскоўцаў яны таксама ня любяць. Яны ўвогуле нікога ня любяць, нават у межах сваёй краіны: заходнікі пагардліва ставяцца да ўсходнікаў, усходнікі не церпяць гарадзенцаў ды берасцейцаў. Цяжка любіць свой народ, асабліва калі табе цэлы час з гэтым народам не па дарозе, не ў нагу. Асабліва цяжка, калі народ выракаецца роднай мовы. Пімен Панчанка незадоўга да сваёй смерці ў адчаі адмовіўся ад таго, чаму прысвяціў усё жыццё, Васіль Быкаў меў вельмі песімістычны настрой датычна бліжэйшай будучыні Беларусі. Многія заўчасна адышлі ў іншы свет, не вытрымаўшы фізічна і псіхалагічна. Людзям цяжка сярод чалавечкаў, асабліва зараз, калі нацыя так падзеленая ў выніку антыбеларускай палітыкі. Зянон Пазьняк заклікае любіць гэты хворы народ, так, як трэба любіць сваіх нямоглых бацькоў. Напэўна гэта слушна, бо іншага шляху, як асветніцтва – папросту няма. Уладзімір Хільмановіч