Мікроны Пятай рэспублікі



Справа Даладзьё жыве і перамагае. Прынамсі ў Францыі. Але, будзем спадзявацца, на гэты раз не перамагае ў агульнаеўрапейскай палітыцы. Прыпомню, што Эдуар Даладзьё – гэта палітык, прэмер міністр Францыі ў 1930-ыя гады, які праводзіў палітыку згодніцтва з фашыстоўскай Нямеччынай і замірэння тагачаснага дыктатара – а менавіта Адольфа Гітлера. Чым урэшце скончылася гэтае вілянне хвастом – сумнаведама. Францыя была захоплена гітлераўцамі, а фашызм распаўсюдзіўся амаль па ўсёй Еўропе.

Урокі гісторыі ўсё ж праходзяць марна. Апошнія 30 гадоў на чале Пятай Рэспублікі стаяць выключна сучасныя клоны Даладзьё, скрозь рэал-палітыкі: Жак Шырак, Нікаля Сарказі, Франсуа Алянд, ну і нарэшце ва ўсёй красе Эманюэль Макрон. Да слова, у пытанні стаўлення да Беларусі і яе дэмакратычных сілаў, гэтыя палітыканы цэлы час ішлі ў фарватэры расейскай экспанісіі і падтрымлівалі яе. Шырак пасля антыканстытуцыйнага перапвароту ў Беларусі нават прымаў Лукашэнку на Елісейскіх палях.

Некаторыя аглядальнікі наўпрост без усялякай паліткарэктнасці называлі Макрона «пудзелем Пуціна», потым, у час выбарчай кампаніі, ён неяк змяніў рыторыку, але 9 траўня зноў выявіў сябе напоўніцу. Прэзідэнт Францыі заявіў, што новы мір у Еўропе трэба будаваць выключна перамовамі супольна з Украінай і…Расеяй. Пры тым, барані Божа, нельга ні ў якім разе крыўдзіць… Расею. Сказана гэта было, нібыта абодва бакі аднолькава вінаватыя ў той вайне, якую вядзе маскоўскі агрэсар ва Украіне. Пры тым Макрон спаслаўся на гістарычны прыклад Першай сусветнай вайны, калі жорсткія ўмовы Версальскай мірнай дамовы 1919 году прынізілі Германію, увагналі яе ў рэваншызм і далейшы фашызм. Толькі французскі кіраўнік альбо ўсё паблытаў, альбо сведама скрывадушнічаў.

Калі ўжо праводзіць гістарычныя паралелі і параўнанні, то фінал гэтай вайны, які непазбежна скончыцца крахам пуцінскай Расеі, патрэбна будзе параўноўваць з канцом зусім не Першай, а менавіта Другой сусветнай вайны. Хоць бы таму, што расейскі фашызм – гэта не зява, якая ў стадыі зародку, а ў самым росквіце сваёй пачварнасці. А параўноваць Пуціна з нямецкім кайзерам Вільгельмам зусім недарэчна, паколькі крамлёўскі фюрэр якраз аналаг Гітлера.

Так што здрабнелі зусім палітыкі Пятай рэспублікі. Нейкія не Макроны, а мікроны.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ