Міны ад міністраў
На ўгодкі фіяска ўладаў у час так званых прэзідэнцкіх выбараў і канчатковага таптання законнасці ў краіне актывізаваліся міністры ўраду РБ. Так 9 жніўня з бойкім дакладам на авансцэну выскачыў, а дакладней быў выкліканы міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Ён адрапартаваў з трыбуны літаральна наступнае: «Беларуская эканоміка развіваецца і ўстойліва расце, нягледзячы на ўплыў пандэміі каронавірусу і заходнія санкцыі». Па словах Чарвякова, нягледзячы на падвойны ўдар па нашай эканоміцы, рост унутранага валавага прадукту па выніках першага паўгоддзя склаў 3,3 працэнта. Удзячныя суайчыннікі ля экранаў тэлевізараў у той момант замілавана праслязіліся.
Толькі нешта нічога не чуваць пра рост заробкаў беларускіх грамадзян, як і не відаць зніжэння ці хоць бы стабілізацыі цэнаў у крамах. Што называецца, нам сонца ня трэба – нам партыя свеціць, нам хлеба ня трэба – статыстыка корміць і грэе. Таму і ўспрымаюцца словы міністра добрай мінай пры кепскай гульні.
Прыкметны ў гэтыя дні і іншы міністр – кіраўнік знешнепалітычнага ведамства выдаў адразу два «откровения». Першае — гэта тое, што ЗША на поўным сур’ёзе планавалі зрабіць Украіну і Беларусь членамі НАТА. Пра гэта міністр заявіў ў чарговай серыі разаблачальнага і амаль мастацкага фільма «Беларусь против цветной революции». Быў бы жах: прыйшло НАТА – хавайся ў хату! Але міністр запэўніў, што дзяржава і далей будзе трымаць «хрупкую стабільнасць» у рэгіёне.
Другое прызнанне Макея датычыла таго, што год таму яго замежны калега на тле пратэстаў прапаноўваў яму перайсці ў апазіцыю. Праўда, ні прозвішча калегі, ні нават яго прыналежнасці да нейкай краіны ён не назваў. І чаму міністр у гэтай спакусе прызнаўся толькі зараз – незразумела. А можа раздумваў цэлы год?! Словам, нейкая непераканаўчая лаяльнасць. І яшчэ адна кепская міна.
Уладзімір Хільмановіч