Мундыяль і прынцыпы



У таталітарных краінах спартыўныя спаборніцтвы служылі заўсёды адной мэце – паказаць у розны спосаб прывабнасць таго ці іншага рэжыму. Прыкладам, у Савецкім саюзе такім сродкам быў хакей. На яго былі кінуты ўсе сілы, шалёныя па тых часах матэрыяльныя рэсурсы і сама таленавітыя прапагандысты. Савецкі хакей быў мацнейшым у свеце, ці адным з двух сама мацнейшых, што дазваляла грамадзянам адной шостай часткі планеты перажываць гонар, уздым патрыятызму і ўпэўнена глядзець у будучыню. І нічога, што ў гэты час паліцы крамаў былі пустыя, а ў прыбіральню людзі хадзілі з тымі сама газетамі, што славілі савецкіх касманаўтаў і хакеістаў. Бо туалетнай паперы папросту не было, савецкая эканоміка была не ў стане наладзіць яе вытворчасць. Як і не было шмат чаго іншага, да чаго даўно звыклася насельніцтва на “загніваючым” Захадзе.

Маім першым чэмпіянатам свету па футболе, які я аглядаў ужо досыць асэнсавана, было першынства планеты 1978 году, што праходзіла ў Аргенціне. Добра памятаю сваё шчырае дзіцячае захапленне ля тэлевізійнага экрана. Увесь “цывілізаваны свет” праводзіў гэты чэмпіянат у рамантычнай, здавалася б, “сярэбранай” краіне. А ў гэты час у Аргенціне панаваў жудасны тэрор. Соткі людзей, уся “віна” якіх палягала толькі ў іншадумстве, жыўцом скідвалі з самалётаў у акіян, расстрэльвалі без суда і следства ў засценках. Мы, праўда, тады пра гэта не ведалі. А ўвесь “цывілізаваны свет” ведаў і вітаў гаспадароў-чэмпіёнаў.  Гэта ўжо пасля аргенцінская хунта пацярпела паразу ад Вялікабрытаніі ў кароткай вайне за Фалклендскія выспы. Маргарат Татчар імкліва паставіла ўсё на месцы. Дзякуючы найперш “жалезнай лэдзі” быў спынены свінцовы дождж у “срэбнай” краіне – аргенцінскі народ схамянуўся і дыктатура хутка рассыпалася.

Прайшло 40 гадоў і зноў футбольны чэмпіянат праводзіцца ў дзяржаве-агрэсары, дзе пануе аўтарытарны рэжым. Можа, пакуль не такі крывавы знешне, як некалі ў Аргенціне, але па-сутнасці і прыродзе – аналагічны. Для мілітарнай гэбісцкай Расеі кожны такі спартовы форум – гэта як вайна, на якой трэба перамагчы кожнай цаной. Што алімпіяда ў Сочы, што цяперашні мундыяль. Бо каму – футбольны фестываль, а каму – вайна і доказы перавагі сваёй “расы”. У прынцыпе – нічога новага. Можна прыпомніць і берлінскую гітлераўскую алімпіяду 1936 года і згаданы вышэй аргенцінскі чэмпіянат.

А мы цяпер ведаем, які рэжым пануе ў Расеі, але ўсё роўна, разявіўшы рот, глядзім гэтыя гульні. Прызнаюся і каюся, што асабіста маёй прынцыповасці хапіла толькі на тое, каб не паехаць у адзін з расейскіх гарадоў на пару матчаў. З аднаго боку, можа і добра, што чэмпіянат праходзіць у Расеі, бо гэта наталяе імперскія амбіцыі Масквы і задавальняе самалюбства крамлёўскіх уладароў. А значыць, часова стрымлівае яе агрэсію ў дачыненні да сваіх слабейшых суседзяў. Але трэба ўсведамляць, што гэта толькі часовая перадышка і што сваіх заваёўніцкіх планаў на іншых палях і прасторах гэтая дзяржава не можа змяніць паводле сваёй прыроды.  

Між тым на гэтым чэмпіянаце адбываюцца надзвычай падазроныя рэчы – спярша патрэбнае лёсаванне для Расеі ў групе, потым поўная падатлівасць дзвюх арабскіх каманд у гульнях з расейцамі, нарэшце дзіўная інфантыльнасць іспанскай дружыны ў сустрэчы з імі і як следства сенсацыйная перамога гаспадароў першынства.

Мы, аматары футбола са стажам, добра памятаем і некалькі дагаворных купленых матчаў чэмпіянату 1982 года (праўда пра іх усплыла на паверхню пазней) і надзвычай дзіўны азіяцкі мундыяль 2002-га, калі каманду гаспадароў-карэйцаў арбітры дацягнулі ажно да паўфіналу. Ведаем таксама, што гэта за структура ФІФА і якія ў яе дачыненні з расейскай дзяржавай. Хай сабе не ведаем дэталяў, але цудоўна разумеем сутнасць іхных карупцыйных схемаў і адносін. Але ўсё роўна глядзім гэты футбол і здзіўляемся, глядзім і перажываем. У некаторай ступені нас апраўдвае любоў да фантастычна цікавай гульні, што некалі прыдумала чалавецтва. Але толькі ў нейкай ступені…  

Уладзімір Хільмановіч  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ