Музеі з адной ідэі



Што б не вынаходзілі расейскія навукоўцы, у іх у выніку ўсё роўна атрымліваецца аўтамат Калашнікава. Які б музей не стваралі ў савецкай-сённяшняй Беларусі – выходзіць музей «Вялікай айчыннай вайны». Асабіста мне пашанцавала працаваць у цікавым музеі на пачатку 1990-ых гадоў, якраз у той час, калі была сапраўдная вольнасць творчасці, у тым ліку і музеястварэння. Менавіта тады сталі ўзнікаць новыя цікавыя музейныя экспазіцыі па ўсёй Беларусі. Ствараліся надзвычай цікавыя рэгіянальныя і нават школьныя музеі, куды ехалі экскурсіі з усёй Беларусі і нават замежжа. Яркім такім прыкладам быў літаратурна-этнаграфічны музей у Гудзевічах, які стварыў яшчэ раней і развіваў незабыўны Алесь Белакоз. Музей разам з гэтым чалавекам стаўся цэлай зявай нашай культуры.

Але той час мінуў і апошнія 20 гадоў беларускія музеі пачалі зноў прыстасоўваць да вузкалобых ідэалагічных патрэбаў дзяржавы. Розніца паміж савецкім часам і цяперашнім толькі ў тым, што тады гісторыя Беларусі паводле «таварышчаў» з камуністычных парткамаў пачыналася з «Вялікай акцябрскай сацыялістычнай рэвалюцыі», а цяпер паводле функцыянераў «вертыкалі» яна пачынаецца з 22 чэрвеня 1941 года. Пры тым пра 1939 год, калі насамрэч пачалася Другая сусветная вайна, там не расказваецца. Хіба толькі пра падзею ўзяднання Беларусі, але без таго, што ёй папярэднічала і якія наступствы адбыліся пасля.

Апошнім часам па ўсёй Беларусі пракацілася цэлая хваля звальненняў вядомых музейных супрацоўнікаў, у тым ліку і дырэктараў музейных асяродкаў. Замяняць іх сталі правільнымі ідэйнымі «салдатамі» і праверанамі «кадрамі» якраз з гэтых «музеяў ВАВ». Мэтна і паслядоўна ідзе русіфікацыя многіх музеяў. Зразумела, што прывабіць гэтыя штампаваныя як пад капірку экспазіцыі з кастрыраванымі зануднымі тэктсамі экскурсаводаў людзей не ў стане. Ну такія псеўдагістарычныя абекты, як «Лінія Сталіна» тым больш.

18 траўня – Міжнародны дзень музеяў. Хочацца пажадаць тым рупліўцам і энтузіястам музейнай справы, якія стварылі цікавыя экспазіцыі на сваіх сціплых плошчах, захаваць ункальную канцэптуальнасць і адметныя экспанаты да лепшага часу.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ