На дошцы ўдзячнасці



Міне нейкі час, Беларусь вызваліцца ад усходняй навалы, цемра зыдзе і настане пара руплівай працы для ўсіх. У тым ліку і для гісторыкаў. Сённяшнія іх кнігі па гісторыі краіны як правіла сканчаюцца на 1991 годзе – як на пункце адліку суверэннай гісторыі. Можа гэта і правільна. Усё, што адбывалася з намі і з нашай краінай апошнія трыццаць гадоў падлягае больш глыбокаму асэнсаванню з адлегласці часу.

Даводзілася раней пісаць пра сучасную сусветную real-politik і яе шматлікіх прадстаўнікоў. Калі будзе ацэньвацца шкода, прынесеная Беларусі і яе насельнікам асобнымі дзяржавамі і рознымі палітыкамі, дошка такой ганьбы будзе перапоўнена. Яе стварэнне напэўна патрэбнае для таго, каб выразна асэнсаваць, хто і што рабіў у гэты гістарычны час. Ганебны спіс будзе доўгім – ад расейскіх «міратворцаў» узору 1996 года да розных амбасадараў «шагалаў».

Дошка гонару, на якой размесцяцца іншыя людзі – а менавіта тыя, хто ў цяжкі час у розны спосаб дапамагаў беларусам, быў прынцыповым і сумленным у дачыненні да нашай краіны і яе дзяржаўнасці будзе куды менш «населенай». Але тым больш важна не забывацца пра такіх асобаў і іх дзеянні. Можа варта было б назваць такі спіс не «дошкай гонару» (занадта гэтае словазлучэнне скампраметавана савецкай традыцыяй), а «дошкай удзячнасці».

Сярод вялікіх палітыкаў старой фармацыі нельга забыць чэшскага прэзідэнта Вацлава Гавела, які заўсёды меў прынцыповую пазіцыю па Беларусі і як мог спрыяў нашай незалежнасці. Абавязкова варта прыгадаць і прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, які рэальна імкнуўся да стварэння ўсходнееўрапейскага альянсу як альтэрнатывы Еўразвязу і абароне ад расейскай агрэсіі. Менавіта Качыньскі першым з польскіх кіраўнікоў ацаніў заслугі беларусаў для Польшчы. У 2008 годзе ён узнагародзіў кавалерскім крыжам Ордэна адраджэння Яўгена Вапу і Алега Латышонка. Гэта было прызнаннем не толькі беларусаў Падляшша і іх унёску ў свабоду Польшчы, але і беларусаў увогуле. Заўсёды паслядоўны ў падтрымцы Беларусі і беларусаў літоўскі грамадска-палітычны лідар Вітаўтас Ландсбергіс. Ён як ніхто іншы таксама разумее важнасць і падтрымкі беларусаў Літвы, заўсёды спрыяў Таварыству Беларускай Культуры. Зараз, здаецца, годную палітыку працягвае яго ўнук Габрыэлюс Ландсбергіс, цяперашні міністр замежных спраў Літвы.

У свеце зараз нароблена шмат бюракратычных міжнародных структураў. У бальшыні яны проста непатрэбныя і трымаюцца на карупцыйных схемах. А некаторыя выразна шкодзяць чалавецтву і асобным краінам. Але ёсць крыху і прадстаўніцтвы і людзі, якія не ідуць на гандаль сумленнем. У пераліку такіх адным з першых павінен быць кіпрскі палітык Хрыстас Пургурыдэс. Менавіта ён быў у Беларусі прадстаўніком камісіі па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, займаўся расследаваннем спраў зніклых беларускіх палітыкаў. Даклады Пургурыдэса пра стан рэчаў у Беларусі былі надзвычай сумленнымі і прынцыповымі. За што яму і быў забаронены ўезд у Беларусь. Годна і належна яго справу працягваў Міклаш Харасці, венгерскі пісьменнік і праваабаронца, раней вядомы дысідэнт. У 2012 годзе ён быў прызначаны адмысловым дакладчыкам па сітуацыі ў Беларусі Савеце ААН па правах чалавека. І Пургурыдэс і Харашці пісалі і выкладалі ўсю праўду па сітуацыі ў Беларусі, аднак палітычныя лідары моцных краін гэтага свету, на жаль, іх амаль не слухалі. Але гэта не змяншае вартасці дзеянняў сумленных асобаў. Такія людзі павінны прымацца ў Новай Беларусі як найбольш пачэсныя і паважаныя госці. Шмат дапамагалі Беларусі шведскія праваабаронцы, такія як Марцін Угла і яго паплечнікі. А прадстаўнікі шведскай амбасады, як той жа Стэфан Эрыксан ды і яго паслядоўнікі, шмат зрабілі для развіцця беларускай культуры. Швецыя і Польшча, пачынаючы яшчэ з першай амбасадаркі ў Беларусі Эльжбеты Смулковай, былі ў авангардзе культурнага абмену з Беларуссю сярод усіх дзяржаў.

Прыгадаў я тут толькі дзясятак вядомых прозвішчаў, але вельмі важна, каб ніхто з тых замежнікаў, якія мелі і маюць сумленную і прынцыповую пазіцыю па Беларусі, дапамагалі нашай краіне і яе людзям, не былі забытыя.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ