На разломе



Пяцьдзесят дзён у Беларусі працягваецца супрацьстаянне народу і ўлады. Пяцьдзесят дзён, сем тыдняў запар, амаль бесперапынна людзі пратэстуюць супраць фальсіфікацыі выбараў, узурпацыі ўлады, татальнага беззаконня і жорсткага пераследу грамадзян паводле іх палітычных поглядаў. Мур антынароднай улады пакуль не рухнуў, хоць кожны дзень з гэтай сцяны сыплецца пясок і вывальваецца па некалькі цаглінак. Колькі так яшчэ можа доўжыцца, ніхто не можа спрагназаваць. Усе палітычныя прадказальнікі ўжо не раз былі пасаромленыя тымі падзеямі, якія зняпраўджвалі палітычныя прагнозы, якія адбываюцца ў Беларусі ў гэтым парадаксальным, незвычайным, анамальным 2020 годзе. Годзе, пра які гісторыкі пазней напішуць тамы даследаванняў. Але гэта будзе потым, праз час і дэталёвае асэнсаванне гістарычнага шляху і працэсу ратавання краіны і яе дзяржаўнасці.

А зараз працягваецца вайна супраць мірных пратэстоўцаў і нацыянальных сімвалаў. Бел-чырвона-белая сімволіка раздражняе цемрашалаў, як і ўсё сапраўднае беларускае. Але ўжо добра і выразна відаць, якую сімволіку выбірае пераважная бальшыня грамадства. Вытворцы і прадаўцы белай і чырвонай тканіны, белай і чырвонай фарбы хіба адзіныя ў гэты складанейшы для эканомікі час, хто мае прыбытак ад рэалізацыі сваёй прадукцыі. Людзі малююць, шыюць, клеяць, ствараюць у розны спосаб рэальныя і віртуальныя выявы бел-чырвона-белага сцяга і “Пагоні”. А людзі ў чорным, у колерах хакі, бегаюць за сваімі патрыятычнымі суайчыннікамі, учыняюць на іх сапраўднае паляванне, зрываюць нацыянальныя сімвалы, замалёўваюць іх. “Ды не знішчыць пагоняй таго, хто жыве пад Пагоняй”, як напісаў паэт. Уся Беларусь становіцца бел-чырвона-белай і гэта абсалютна новая рэальнасць часу.

Людзі выходзяць, іх жорстка хапаюць, б’юць, кідаюць за краты, назаўтра выходзяць новыя. Нібы каса на камень наскочыла, але не зважае на гэта і працягвае рабіць сваё. Такая зацятасць і непахіснасць народу сведчыць хіба пра тое, што кампраміс ужо немагчымы, і ніхто нікому не даруе таго, што адбылося. Склалася сапраўды такая рэвалюцыйная сітуацыя, калі “нізы” не хочуць жыць па-старому, а “вярхі” не могуць кіраваць па-новаму. Гэтыя “вярхі” не здольныя ні на якую трансфармацыю ці эвалюцыю, на нейкі нават мінімальны дыялог ці кампраміс. Яны многа гадоў жылі, абапіраючыся выключна на хлусню і сілу – гэтыя дзве нагі аўтарытарнага рэжыму. І калі адна нага – хлусня – зламалася, і ўжо ніякі гіпс, ніякія лекі ёй не дапамагаюць, рэжым устойвае толькі на адной назе – брутальнай сіле. Беларусь спынілася на гэткім расколе паміж уладай і народам, на разломе ўяўлення пра цяперашняе і будучае краіны. І колькі гэта будзе доўжыцца – ніхто не ведае. Некаторыя называюць сімвалічную дату – 5 лістапада – гэта той тэрмін, калі па цяперашнім заканадаўстве дакладна сканчаецца апошняя кадэнцыя Лукашэнкі. Але калі па законе і па ранейшай Канстытуцыі, то гэтая кадэнцыя скончылася намнога раней. Зараз жа скончылася нават фармальная і фальшывая легітымнасць, недавер былому прэзідэнту дзяржавы мае абсалютна выражаны характар. Выяўлены выразна як пры апошнім галасаванні, так і на вуліцах і цэнтральных пляцах беларускіх гарадоў.

Зараз шмат пішуць пра злачынствы рэжыму ў жніўні гэтага пераломнага і ў многім трагічнага лета. Але многія не памятаюць, ці не ведаюць, калі ў найноўшай гісторыі Беларусі адбыліся першыя забойствы. А яны пачаліся не ў жніўні бягучага году і нават не ў змрочным 1999 годзе, калі бясследна зніклі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі. У верасні гэтага году споўнілася роўна 25 гадоў з таго часу, калі ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці быў расстраляны і збіты мірны паветраны шар, які выпадкова ветрам занесла на тэрыторыю Беларусі з Польшчы. Тады загінулі два чалавекі – амерыканскія грамадзяне. Гэта было абсалютна нематываванае забойства. А тагачасны амерыканскі дзярждэпартамент часу кіравання ў Белым доме прадстаўніка дэмакратычнай партыі Біла Клінтана так і не дамогся пакарання вінаватых, хоць гэта не ў традыцыях ЗША. Такое папушчальніцтва, канешне, таксама нельга зразумець.  

Паводле статыстыкі праваабаронцаў агульная колькасць затрыманых у Беларусі за час пратэстаў на 21 верасня перавысіла 12 100 чалавек, што складае 0,12% ад усяго насельніцтва краіны. Гэта ўжо больш, чым было інтэрнавана ў Польшчы за ўвесь час “Салідарнасці”. Тады ў Польшчы за перыяд ваеннага становішча пацярпела 10 123 чалавекі. Гэтая сумная статыстыка вынікаў падзей для таго, каб зразумець маштаб пратэстаў і таго, што адбываецца ў Беларусі зараз.

Беларускі народ працягвае вынаходзіць усё новыя формы мірнага супраціву і выяўлення сваёй пазіцыі. У век электронных тэхналогій гэтыя магчымасці пашырыліся. Днямі беларускія кібер-партызаны апублікавалі на тэлеграм-канале НЕХТА спіс прозвішчаў больш як тысячы ўдзельнікаў сілавых структураў з асабістымі дадзенымі і звесткамі пра гэтых людзей. Для карнікаў, якія цэлы час хаваюць свае твары за маскамі і балаклавамі і ў якіх ніколі не прачнецца сумленне, гэта, падаецца, стала моцным псіхалагічным ударам. Можа яны ўрэшце задумаюцца пра тое, што ўсё тайнае рана ці позна стане вядомым, а злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрміну даўніны.

Уладзімір Хільмановіч       

Беларускае Радыё РАЦЫЯ