Наша пакаленне



Пашчасціла мне зусім нядаўна сустракацца з універсітэцкімі аднакурснікамі. Ня часта выпадаюць такія спатканні,  ад таго і прыемнасць убачыцца з людзьмі, якіх вельмі даўно не бачыў, успомніць юнацтва, студэнцкі час і розныя прыгоды, мае асаблівы характар. Дзе заўсёды знойдзецца месца і сяброўскаму застоллю, і ўспамінам, і шматлікім жартам. Але і суму таксама. На сустрэчу праз трыццаць гадоў сабралася амаль два дзясяткі чалавек. Магло б і больш, аднак…З 24 хлопцаў, якія вучыліся на нашым першым курсе, ажно дзевяці ўжо няма на гэтым свеце. Бальшыня з іх не дажылі нават да 45 гадоў. Сумная статыстыка. Страты нібы ў ваенны час. Сур’ёзныя хваробы, жыццёвыя нягоды, алкагольная залежнасць – усе гэтыя фактары моцна скарацілі жыццё нашых аднакурснікаў.

Кожнае пакаленне прыходзіць у гэты свет з новымі надзеямі, вялікімі планамі, а завяршае свой жыццёвы шлях непазбежным ўрэшце расчараваннем. Нашаму пакаленню ў значнай ступені пашанцавала – мы заспелі канец Савецкага саюзу, наша вучоба прыпала якраз на час гарбачоўскай перабудовы. Час быў цудоўны не толькі тым, што мы былі маладыя, здаровыя і наіўна аптымістычна настроеныя. Ён быў захапляльны тым, што выплывала гістарычная праўда, ішла плынь праўдзівай інфармацыі, адкрываліся сапраўдныя старонкі нацыянальнай мінуўшчыны. Хацелася жыць і тварыць новую гісторыю. Эпоха перамен не была лёгкай, але лагічна завяршылася абвешчаннем суверэнітэту Беларусі. Пачатак дзевяностых быў сапраўдным выпрабаваннем на трываласць, паколькі людзі апынуліся ў прынцыпова новай рэчаіснасці. Калі з аднаго боку, з’явілася свабода, якой продкі не мелі стагоддзямі. А з іншага – зніклі ўсе сацыяльныя гарантыі і ранейшыя правілы існавання ў дзяржаве. Спакваля, аднак, усе пачалі знаходзіць сваё месца ў жыцці, многія з выпускнікоў нашага купалаўскага ўніверсітэту працавалі па спецыяльнасці, сталі педагогамі альбо навукоўцамі.

Ну а потым, у змрочна паваротным 1994 годзе два старэйшыя пакаленні выбралі дарогу “назад у СССР”. На наша ж пакаленне выпала місія вярнуць краіну на рэйкі нармальнага развіцця. А значыць дамагчыся хуткага змену палітычнай улады. Многія працягвалі верыць, што зноў “загляне сонца і ў наша ваконца”. Але час ішоў, а нэабальшавіцкая ўлада толькі працягвала ўмацоўвацца, знішчаючы ўсе парасткі і саджанцы нацыянальнага адраджэння, якое не паспела набраць моц, увайсці ў сілу. Шэсць-сем гадоў папярэдняй асветніцкай працы былі перакрэслены новай хваляй “заціскання шрубаў” і паслядоўнай русіфікацыі. Мэтна знішчалася беларуская сістэма адукацыі, з навучальных установаў выпіхваліся і звальняліся лепшыя выкладчыкі, якіх паступова замянялі пасрэдныя альбо выразна нікчэмныя “кадры” з гнуткімі хрыбтамі і насамі “па ветры”. Так “маўчальнікі выйшлі ў начальнікі”, так зніклі беларускамоўныя школы і пачаткі беларускамоўнай адукацыі ў вышэйшых навучальных установах. Так усё запаланіла шэрасць. Не хацеў бы я вучыцца ў сённяшнім гарадзенскім універсітэце, істотна змянілася наша alma-mater.

Праз дваццаць гадоў стала ясна, што лобам муру не праб’еш. Улада выбудавала жорсткую маналітную “вертыкаль” і паслядоўна душыць кожную, нават дробную, праяву іншадумства. Пра нейкія пратэсты і казаць лішне – тут адразу задзейнічаны ўсе сілавыя структуры. Асветніцкая праца грамадскіх арганізацый захлынулася ў хвалях рэпрэсій і дыскрымінацый. Наша пакаленне прайграе (ці ўжо безнадзейна прайграла) не толькі сённяшні дзень, але і заўтрашні. Тысячы маладых грамадзян Беларусі штогод пакідаюць родную краіну і выязджаюць на Захад. Сярод маіх знаёмых я не ведаю аніводнай сям’і, з якой ніхто не выехаў на вучобу ці працу за мяжу. Нават пры нейкіх пазітыўных зменах тут, назад вернецца мізэрны адсотак. “У гэтай краіне не маю я дому”, як пісаў паэт.

Паводле канонаў жанра патрэбна было б скончыць гэтыя нататкі нечым аптымістычным. Альбо наадварот, безнадзейным. Бо “як прадказана святымі, усё вісіць на валаску”. А можна проста паставіць шматкроп’е. Жыццё кароткае, надзея вечная…     

Уладзімір Хільмановіч    

Беларускае Радыё РАЦЫЯ