Не чапай Чапая альбо «Красная Весна» у Гародні
Сустракаюцца на тым свеце Чапаеў і Пецька і легендарны чырвоны камандарм пытаецца: «А ці ведаеш ты, Пецька, што насамрэч патануў я не ў рэчцы Урал, а ў Нёмане, а падстрэлілі мяне ў час грамадзянскай вайны не зусім «белыя», а менавіта беларусы ці белапалякі. На што верны, але шчыры ад’ютант Пецька адказвае: «Трындзіш ты, Васіль Іванавіч!». А Чапай яму кажа: «Ну ты ж сам паглядзі – помнік то мне ў Гародні паставілі!»…
Вуліца Чапаева за савецкім часам была ў Гародні прадметам шматлікіх мясцовых досціпаў і фрывольных жартаў. А ўсё з-за таго, што на гэтай вуліцы быў будынак, у якім размяшчаўся скуравенералагічны дыспансер, які ў народзе па-простаму называлі «трыперкай». А бюст чырвонаму камандзіру стаяў побач з абласным судом. У час пэўнага і непрацяглага перыяду дэмакратызацыі вуліцу Чапаева перайменавалі ў вуліцу Міхася Васілька. А бюст Чапаева прыбралі пару гадоў таму – і зусім не з ідэалагічных прычын. Па адной з версій дэмантавалі яго з-за таго, што зроблены некалі быў з танных матэрыялаў і папросту рассыпаўся. Паводле іншай – з тае прычыны, што людзі, выходзячы з будынку абласнога суду пасля працэсаў, пляваліся ва ўсе бакі – і часта ненаўмысна траплялі якраз у невінаваты бюст. Так ці інакш – але ў лютым 2019 года скульптуру звезлі ў нейкае сховішча.
Але на мінулым тыдні знаёмая гарадзенцам фігура Чапаева зноў з’явілася ў Гародні на пастаменце. Праўда зусім у іншым месцы – побач з бюстам яшчэ аднаго «чырвонага героя» – Мікалая Шчорса, які, праўда, таксама ніколі і блізка не бываў у горадзе над Нёманам ці дзесці паблізу яго. Можа каб таму Шчорсу сумна не было.
Чаму ж насамрэч вярнулі гэты недарэчны помнік? Выявілася, што вэрхал узняло расейскае інфармагенцтва «Красная Весна», якое звярнуліся да сваіх расейскіх дыпламатаў. Тыя ж сустрэліся з гарадзенскімі чыноўнікамі аблвыканкаму. Апошнія сталі клясціся ў шчырай любові да ўсяго савецкага і расейскага і пераконвалі ў адданасці красным камандзірам, што насамрэч праўда. Паралельна нейкая далёкая ці недалёкая пляменніца таго Чапаева звярнулася да самога Лукашэнкі з скаргай на тое, што бюст прыбралі па патрабаванні ўльтрарадыкалаў з «Маладога фронту» і адначаснай просьбай перадаць скульптуру ў Расею. Як вы ўжо ведаеце – не перадалі, а ўсталявалі на новым пачэсным месцы. Такая «Красная Весна» у Гародні.
Уладзімір Хільмановіч