Не ў каня авёс



Сёлетняя прэмія імя Вацлава Гавела выклікала, далікатна кажучы, шчырае здзіўленне. Хоць для многіх, пасля таго як Нобелеўскую прэмію міру ў 2009 годзе ўручылі Бараку Абаму, адбылася дэвальвацыя ўсіх аналагічных прэмій. Дзеля паўнаты карціны дадам, што ў 2015 годзе былы сакратар Нобелеўскага камітэту Гейр Лундэстад заявіў, што Абама не спраўдзіў тых надзей, якія на яго ўскладаліся. Але з кепскай песні слова не выкінеш. А шэраг пазнейшых лаўрэатаў прымушалі прыстойных людзей чырванець ад сораму ці абурэння.

І ўсё ж прэмія імя нацыянальнага героя Чэхіі дагэтуль знаходзіла сапраўды годных людзей. Напомню, што ўпершыню яе ўручылі ў 2013 годзе Алесю Бяляцкаму, а пазней лаўрэатамі станавіліся такія выдатныя асобы і праваабаронцы як азербаджанец Анар Мамедлі, чачэнец Аюб Ціціеў, уйгур Ільхам Тохці. Усе гэтыя людзі за свае погляды і дзейнасць сурёзна пераследаваліся, адпакутавалі ці пакутуюць у турмах. І вось на табе – такі паварот.

Для тых, хто не ў тэме, удакладню, што сёлета прэміяй Гавела ўганаравалі журналістку, былую супрацоўніцу расейскага Першага тэлеканалу Марыну Аўсяннікаву. Узнагародзілі яе за тое, што ў сакавіку выскачыла ў прамы эфір вечаровых навінаў з антываенным плакатам наступнага зместу: «Остановіте войну!». За гэта яе ўсяго толькі аштрафавалі паводле адміністрацыйнага кодэксу за арганізацыю неўзгодненай акцыі. Пазней Аўсяннікава пакінула Расею. І зараз адразу такое прызнанне на Захадзе.

Зацемлю аднак, што Аўсяннікава была раней не проста шэраговай журналісткай, якая чытала на галоўнай дзяржаўнай інфармацыйнай пляцоўцы навіны спорту ці надвор’я. А была яна рэдактарам цэлага Першага каналу, з экрану якога гадамі лілася хлуслівая прапаганда. І спакойна гэтая журналістка гэтымі гадамі з ёй ужывалася і чамусці не заўважала ні таталітарнай дзяржавы, ні ачумелага фюрэра, ні таго як пераследавалі і знішчалі людзей у Расеі і Беларусі. А тут адзін шумны ўчынак – і адразу не проста рэбілітацыя, а высокае ганараванне, якога б сам вялікі Вацлаў Гавел ніколі не даў такой асобе. Ні то і пры гэтай прэміі ўжо дэвальвацыя каштоўнасцяў, ні то, як сказаў быў Вялікі камбінатар, «авёс цяпер дарагі».

Уладзімір Хільмановіч

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ