Непатрэбны хакей



Апошні тыдзень у эпіцэнтры беларускіх медый і карыстальнікаў сацыяльных сетак нечакана апынуўся кіраўнік міжнароднай федэрацыі хакею і яго цёплы візіт у Мінск. Для мяне асабіста гэта сапраўды дзіўна. Ну маладое пакаленне і яго рэакцыю на асобу такога персанажа сусветнага хакею як швайцарац Рэне Фазель, яшчэ можна зразумець. Але вось наіўнасць старэйшых ужо цяжка паддаецца асэнсаванню. Нібыта зусім і не было 2014 года, калі ў Беларусі ўжо праходзіў адзін хакейны чэмпіянат планеты. Шчодра “падораны” ведамствам таго ж Фазеля. Праўда, хто каму і колькі падарыў больш, для шырокай публікі засталося невядомым. Няма чаго ведаць, для плебсу дастаткова і відовішча. А ў 2016 годзе чэмпіянат аддалі расейскім гарадам Маскве і Пецярбургу. Аддалі, праўда, раней, але напомню, што перад 2016-ым ужо было ўварванне Расеі ва Украіну і акупацыя Крыма. Але IIHF нічога такога не заўважыла і нават размовы не вяла каб пазбавіць дзяржаву-агрэсара права на правядзенне спартовага форума. І ўжо там, у Расеі, згаданы Фазель – тыповы прадстаўнік скрозь цынічнай заходнееўрапейскай бюракратыі, абдымаўся і ледзь не цалаваўся ўзасмок з тагачасным кіраўніцтвам турніру. Функцыянер, які ўзначальвае сусветны хакей аж з 1994 года (год пачатку кадэнцыі нічый больш тэрмін не нагадвае!?), нездарма быў узнагароджаны расейскім Ордэнам Дружбы ад Мядзведзева і Ордэнам Дружбы народаў ад Лукашэнкі. І гэта толькі афіцыйна вядомыя ўзнагароды.

Але ж зараз вялікі сябра апошніх дыктатараў Еўропы, а паводле асноўнай прафесіі стаматолаг Фазель, трапіў у сапраўды дурную для сябе сітуацыю. Фотаздымкі абдымкаў у час мінскага візіту шырока разышліся не толькі ў беларускіх медыях, але і ў заходніх сродках масавай інфармацыі. Ну а голас журналістаў і праваабаронцаў на Захадзе яшчэ маюць нейкую сілу. Недарэчныя і няўклюдныя апраўданні Фазеля толькі падкрэслілі ўсю сутнасць гэтай адыёзнай асобы, цяпер яму напэўна баляць і зубы і галава.         

Услед вытворцы аўтамабіляў Škoda і касметыкі “Nivea”, а за імі і іншыя спонсары, адмовіліся фінансаваць частку чэмпіянату ў Беларусі (іншай краінай-гаспадаром выступае Латвія). Гэта можа сведчыць і пра тое, што пайшоў нейкі пэўны сігнал ад больш уплывовых структур Еўразвязу, чым міжнародная хакейная федэрацыя. Ня трэба перабольшаць і пазіцыю кампаній – асноўных спонсараў хакейных першынстваў, якія раней не выяўлялі падобнай прынцыповасці.

А тым часам Беларусь страціла за год ажно 98 радкоў у рэйтынгу бяспекі краін, які складае рэсурс Nunbeo. Год таму нашай краіне адвялі надзвычай высокае 16-е месца (паміж Харватыяй і Даніяй!). На пачатку 2021 года мы апынуліся ажно на 114-й пазіцыі паміж Дамініканскай Рэспублікай і Кеніяй. Менавіта на гэты аўтарытэтны рэсурс раней спасылаўся Фазель і яго бюракратычная каманда, каб паказаць, што Беларусь – бяспечная краіна. Тут канешне патрэбныя ўдакладненні. Няма ніякага сумневу ў тым, што замежнікам абсалютна бяспечна было прыязджаць у Беларусь у 2014 годзе. Таму што злачыннасць сярод насельніцтва невысокая, а дзяржаўныя магчымасці дазвалялі забяспечыць поўную бяспеку гасцей. Беларусь і зараз бяспечная для замежнікаў, але яна даўно небяспечная для самых беларусаў. І калі недалёкія асобы вякаюць нешта кшталту таго, што можа і добра, каб гэты чэмпіянат прайшоў у Беларусі – маўляў, прыедуць шматлікія журналісты і турысты і на свае вочы пабачаць, як тут топчуць правы чалавека, то ім лепш заткнуцца. Гэта мы ўжо праходзілі і спраўдзілі ў 2014 годзе, калі ў час таго хакейнага форуму, рэпрэсіі супраць грамадскай супольнасці і апазіцыйных актывістаў толькі ўзмацніліся. Некаму хочацца яшчэ раз атрымаць па ілбе граблямі?

На момант, калі пісаліся гэтыя радкі, яшчэ не было вядома, ці забяруць у менскага Чырвона-зялёнага дому гэты хакейны чэмпіянат. Але гэта і не сама галоўнае. Галоўнае ж, што беларусам, пры ўсёй нашай любові да спорту, зараз не да хакею. Калі беспакарана забітыя мірныя людзі, збіваліся і збіваюцца тысячы грамадзян краіны, соткі сядзяць у турмах толькі за свае погляды, людзям не да забавы.

Так што, як казаў класік-каментатар, такі хакей нам непатрэбны.   

Уладзімір Хільмановіч

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ