Незвычайны Еўра
На маёй памяці гэта ўжо 11-ы кантынентальны чэмпіянат па футболе, добра памятаю аналагічныя спаборніцтвы з далёкага 1980 года. Цяперашняе першынства толькі сягнула сваёй сярэдзіны, але яго ўжо можна назваць анамальным. Па-першае, незвычайны сам эксперымент з правядзеннем турніра ў такой колькасці краінаў. Пры тым наадварот губляецца адчуванне маштабнасці форуму. А да ўсяго, калі раней гаспадарамі чэмпіянату былі адна-дзве краіны і адпаведна іншыя былі ў роўных умовах, то цяпер цэлы шэраг дружынаў маюць прывілеяванае становішча, перавагу свайго поля, што несправядліва. Па-другое, чэмпіянат з увагі на крытычную пандэмічную сітуацыю ўпершыню ў гісторыі быў перасунуты ажно на цэлы год, што таксама выклікала пэўныя казусы. Прыкладам, у складзе зборнай Іспаніі зараз ажно 10 футбалістаў, якія зусім не выступалі ў адборавым турніры. Нарэшце турнір мог пачацца з непапраўнай трагедыі. У адным з першых матчаў ледзь не памёр ад спынення сэрца проста на газоне лідар каманды Даніі Крысціян Эрыксан. На шчасце, яго ўратавалі, інакш адчування футбольнага свята не было б зусім. У Беларусі стаўленне да гэтага Еўра рознае. Як звычайна мы чужыя на гэтым фэсце жыцця – зборная Беларусі традыцыйна не выйшла ў фінальную частку. Хоць гэта праз Лігу нацый было як ніколі рэальна, пра што сведчыць прыклад Паўночнай Македоніі. Македонцы на Еўра відавочныя аўтсайдары, але гэта не замінае ім змагацца з больш моцнымі камандамі і годна рэпрэзентаваць сваю краіну. Увогуле ў спорце найбольш часам вабяць бітвы «давідаў» з «галіяфамі». І хоць гучных сенсацый пакуль не здарылася, драматургічна найбольш цікавымі сталі якраз сустрэчы, дзе слабейшыя каманды згулялі ўнічыю з мацнейшымі – Шатляндыя з Англіяй, Венгрыя з Францыяй, Польшча з Іспаніяй. Цікава прасачыць і за агульнымі сімпатыямі беларускіх заўзятараў. Ці не ўпершыню ў гісторыі паводле апытанняў беларусы аддаюць перавагу не расейскай камандзе. Ажно 29% перажываюць за Украіну, каля 23% – за Расею. Далей у беларускіх сімпатыях ідуць Італія, Польшча, Бельгія і Англія. Беларусам з гледзішча таго, які тэрор зараз адбываецца ў нашай краіне, зусім не да футбольнага Еўра. Некаторыя зусім ігнаруюць гэты турнір, іншыя спрабуюць знайсці ў ім пэўную рэлаксацыю, але, канешне, ранейшага трымцення і поўнавартаснага фэстывальнага адчування няма і блізка. Калі задумацца, чым увогуле для людзей ёсць такая забава як футбол, то, падаецца, што акрамя самой эстэтыкі гульні на падсведамасці чалавеку хочацца нейкай паралельнай рэальнасці. У тым сэнсе, што калі ў палітыцы і эканоміцы ўрадаў столькі ашуканства, фальшывасці і крывадушнасці, то хоць тут, на зялёных газонах стадыёнаў будзе дамінаваць справядлівасць і перамогуць урэшце тыя, што пакажуць найбольш прыгожую гульню і будуць сапраўды мацнейшыя. Але гэты ж футбол ёсць таксама пэўным люстэркам нашай агульнай рэчаіснасці. І бягучы, у многім ужо анамальны Еўра, наўрад ці зменіць агульную карціну. Зборная Даніі ўжо сталася ахвярай выпадку з Эрыксанам і далейшага амаль прымусу з боку УЕФА (а гэтую інфармацыю пакуль ніхто не зняпраўдзіў) дагульваць матч у той жа вечар. А тое, што найбольш відовішчную гульню дэманструе пакуль Італія, не гарантыя таго, што гэтая нетрадыцыйная «скуадра адзурра» дойдзе хоць бы да паўфіналу. Мне як традыцыяналісту заўсёды было цікава назіраць менавіта за нацыянальнымі школамі футболу. У гэтым сэнсе інтэрнацыянальныя дружыны Францыі, Бельгіі, Аўстрыі, Швайцарыі, Германіі (усе з Заходняй Еўропы) падобныя хутчэй на сучасныя супер-клубы і зборныя свету. Асабіста мне яны абыякавыя і нічым не адрозніваюцца ад тых жа клубаў-монстраў. А вось усходнееўрапейскія каманды – Славакіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, Украіны – выклікаюць пачуццё светлай зайздрасці. Назіраючы ад супольнага выканання гэтымі калектывамі нацыянальных гімнаў да змагання на полі, дзе розніца ў класе часта нівелюецца самаахвярнасцю і здольнасцю скокнуць вышэй галавы. І пры тым часта ўзнікае думка, што на іх месцы маглі быць і беларусы…
Уладзімір Хільмановіч