“Ніва” і яе плён



Здаецца, яшчэ зусім нядаўна святкавалі 50 гадоў “Нівы”, потым 60. Але час бяжыць занадта імкліва. І вось ужо ў гэтыя веснавыя дні газета адзначае 65 – век сапраўднай сталасці, мудрасці, век разважлівасці і багатага назапашанага досведу. Напэўна патрэбна звярнуцца да гісторыкаў беларускага перыядычнага друку, каб яны далі адмысловую даведку, якія беларускія газеты выходзілі цягам больш шасцідзесяці гадоў. Перакананы, што такіх будзе зусім няшмат. А калі казаць пра выданні за межамі цяперашняй Рэспублікі Беларусь, то беластоцкая “Ніва”, якая пачала выдавацца ў далёкім 1956 годзе, напэўна ня будзе мець сабе роўных.

Праўда, час зараз такі, што папяровыя выданні хутка знікаюць з шапікаў грамадскага распаўсюду і звычайных паштовых скрынак падпісчыкаў. Жывем у электронна-лічбавую эпоху, у век імклівага тэмпу. Тэхнічны прагрэс паскарае атрыманне інфармацыі, але пры тым, асабліва для старэйшага пакалення, якое дзесяцігоддзямі прывыкла чытаць папяровыя газеты і кнігі, нешта незваротна і прыкра губляецца. Канешне шкада, што праз пару гадоў газет у звычайным для нас фармаце напэўна зусім не стане. Але тут нічога не зробіш – цяпер важна захавацца ў інтэрнэце і жыць далей, захоўваць свайго чытача і ўплываць на маладое пакаленне. Радаваць надалей прыхільнікаў “Нівы” цікавымі і новымі матэрыяламі. Дай Бог, каб так і было.Адметна, што на бягучы год прыпадае досыць вялікі шэраг круглых і юбілейных угодкаў выдатных людзей Падляшша. У сакавіку 125 гадоў з дня нараджэння Веры Маслоўскай, родам з Агароднічкаў, у чэрвені – 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Казлоўскага, які з Сакольшчыны, у ліпені 125 гадоў з дня нараджэння Яраслава Кастыцэвіча, які з Пасынкаў, у жніўні – 125 гадоў з дня нараджэння Янкі Чарапука, які з сакольскага Новага Двара. Вось колькі шмат даў беларускіх дзеячаў 1896 год! Пра ўсіх гэтых выдатных асобаў “Ніва” пісала неаднаразова і шырока. А таксама пра многіх іншых цікавых беларусаў. Як нараджэнцаў Беласточчыны, так і тых, хто з’явіўся на свет на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. За апошнія больш чым 8 гадоў у адмысловай каляндарнай рубрыцы мне выпала пазнаёміць чытачоў з біяграфіямі 360 асобаў, прымеркаванымі да іх юбілейных угодкаў. 

Рэдакцыя беластоцкай “Нівы” даўно стала для мяне цёплым беларускім асяродкам, друкуюся тут пастаянна з 2004 года і, спадзяюся, зрабіў свой сціплы ўнёсак у беларускае аблічча і напаўненне тыднёвіка. Для мяне асабіста “Ніва” стала другой газетай, пасля гарадзенскай “Пагоні”, у якой давялося і пашчасціла друкавацца такі працяглы час. Ва ўмовах, калі былі знішчаныя гарадзенскія незалежныя перыядычныя выданні, беластоцкая “Ніва” стала друкаванай пляцоўкай, якая дазволіла спачатку светлай памяці Зміцеру Кісялю, а потым і мне з Віктарам Сазонавым рэгулярна дзяліцца з чытачамі па абодва бакі мяжы сваім бачаннем падзей у Беларусі, а таксама прадставіць пэўныя беларускія каштоўнасці і з’явы. Калі б не публікацыі ў “Ніве”, не было б маёй кніжкі краязнаўча-літаратурных нарысаў “Беларускае золата”. За што асаблівая ўдзячнасць усім сябрам-калегам з рэдакцыі.

А для беларусаў-чытачоў па абодва бакі мяжы – з Падляшша і Гарадзеншчыны – “Ніва” стала такім шырокім інфармацыйным мостам, трывалым шляхам, які ўмацоўвае сяброўскія сувязі, знаёміць з рэчаіснасцю жыцця, культурнымі здабыткамі і яркімі асобамі.

Асабліва важная ўстойлівасць “Нівы” і яе жыццяздольнасць. Шлях нашай беларускай газеты ў Польшчы не быў лёгкім і бясхмарным. “Ніва” праз дзесяцігоддзі ператрывала нападкі розных ворагаў і нядобразычліўцаў. У чым яе толькі не вінавацілі: і ў апалагетыцы камуністычных ідэй, і ў сепаратызме, і нават у раскраданні фінансавых сродкаў. Але ўрэшце газета і яе калектыў захавалі сваё добрае імя, таму што яны ва ўсе часы зберагалі роднае беларускае слова, выступалі за праўду, творча развівалі і шанавалі сваё.

Многія леты! Няхай жыве сапраўдная беларуская “Ніва”!

Уладзімір Хільмановіч

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ