Нямецкая вантрабянка



Вайна – гэта не покер, яе нельга абвяшчаць тады, калі ўзбрыдзе ў галаву – казаў адзін кінагерой. Але ўжо калі вайна надышла і яна мае такі маштабны характар як расейскае акупацыйнае ўварванне ва Украіну, то яна стаіць на парозе ўсёй кантынентальнай Еўропы. І тут, шаноўнае спадарства, як казаў ужо палітычны класік, пара вызначацца. А менавіта – хто ты, з кім ты і за што ты!

Ніхто з сусветных палітыкаў за апошнія 20 гадоў не зрабіў столькі для ўзмацнення і разбэшчвання пуцінскай хунты як кіраўнікі Германіі. Менавіта іхняя рэал-палітык і цесная нафта-газавая эканамічная супраца з Масквой прынесла многае з таго, што адбываецца зараз. Персанальна канцлеры Герхард Шродэр і Ангела Меркель няма сумневу яшчэ зоймуць адно з цэнтральных месцаў на ганебнай лаве суда гісторыі. І з пачаткам чарговай, на гэты раз поўнамаштабнай агрэсіі Расеі ва Украіну пазіцыя нямецкага кіраўніцтва была найбольш вычэквальнай. Ну а зараз паміж Украінай і Германіяй сапраўдны дыпламатычны скандал.

Дайшло да таго, што амбасадар Украіны ў Нямеччыне назваў цяперашняга канцлера ФРГ Олафа Шольца «пакрыўджанай каўбасой». І ня проста каўбасой, а вантрабянкай. А дапусціў ён такі выпад з-за нежадання галавы нямецкага ўраду ехаць ва Украіну пасля ранейшай адмовы Уладзіміра Зяленскага прымаць у Кіеве прэзідэнта Штайнмаера, ведамага сваімі абдымкамі з Пуціным і рэверансамі перад ім.

Словы ўкраінскага пасла канешне не дыпламатычныя. Але ідзе страшная вайна, амаль штодзень ва Украіне гінуць соткі людзей, сярод якіх і няшчасныя дзеці, а нямецкая бюракратычная эліта па-ранейшаму імкнецца захаваць свае «паўночныя струмені» ды іншыя гешэфты з Масквой. Гадамі яны выказвалі сваю дыпламатычную «глыбокую заклапочанасць» нарастаючай расейскай агрэсіяй і за пустымі словамі працягвалі афармляць свае карупцыйныя справы. Адсюль і вынікаюць рэзкія, недыпламатычныя, але справядлівыя словы ўкраінскіх палітыкаў на адрас нямецкіх. Так што, няхай не крыўдзяцца, а думаюць пра спакойную і дэмакратычную будучыню Еўропы. Крыху перафразуючы літаратурны афарызм, можна сказаць, што ёсць у гісторыі палітыкі, якія могуць быць самастойнымі, разумнымі і дзейснымі, а ёсць палітыкі, падобныя каўбасам – чым іх начыніш, тое яны ў сабе і носяць.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ