Пад крыжам і молатам з сярпом



Толькі недалёкія людзі могуць сцвярджаць, што нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку, што нельга абяднаць лёд і пламень, спалучыць неспалучальнае. Гэтыя людзі альбо абмежаваныя ў сваім філасофскім светаглядзе альбо ніколі не былі ў цяперашняй Беларусі. Бо ў гэтай Беларусі можна назіраць сапраўдныя шэдэўры ідэалагічнай эквілібрыстыкі. Тут, прыкладам, ужо паспяхова запушчаны інкубатар па вырошчванні ў школах новага пакалення акцябратаў і піянераў. Толькі сённяшніх камсамольцаў чамусці сарамліва называюць бэрэсэмаўцамі. А чаго ж і тут саромецца? «Эта жэ наша історыя» – калі ўжо ёсць акцябраты і піянеры, то хай былі б і кансамольцы.

Вось і слаўны кідальнік молату Іван Ціхан, заўсёды верны і адданы лініі партыі, які ідзе і надалей у авангардзе айчыннага фізкультурнага руху, узяў і спалучыў забег спартоўцаў па бяскрайніх прасторах Слонімшчыны з царкоўнай традыцыяй. Так і стартавалі пад царкоўны звон ад Жыровіцкага манастыра, так і беглі пад крыжам і молатам. Так што і іншым трэба браць прыклад з старшыні беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Ціхана, у якога ўсё як у вяночку арганічна. Ён так і сказаў – маўляў, абядналі спорт і дух. А мясцовы пратаірэй заўважыў, што ўдзельнікі «крыху пачырванеўшыя, але вельмі радасныя прыбягаюць на фініш». Дзякуй Богу, нікому не стала кепска, бо бальшыня ўдзельнікаў ці не першы раз у жыцці выйшла на дыстанцыю. Нездарма ўсё ж дзейства свянцілі.

«Манастырскі забег» з акрапленнем асвечанай вадой на хаду быў прымеркаваны да шэрагу юбілеяў – у тым ліку да 1030-ых угодкаў беларускага праваслаўя і 30-ых угодкаў адраджэння Наваградскай епархіі. Удзельнічалі ў гэтай сакральнай прабежцы нібыта ажно 4 тысячы чалавек. І толькі «злыя языкі» будуць сумнявацца, што ўсе ўдзельнікі ўзялі ўдзел у гэтым масавым забегу пад царкоўны перазвон добраахвотна. А вось для іншых епархій прыклад варты пераймання. Можна было б і адмысловую арганізацыю ўтварыць – які-небудзь «Яўны саюз крыжа і молата з сярпом». І пад дэвізам як у класікаў – «Ударым нашым прабегам па бездарожжы і заходніх санкцыях!».

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ