Папу – папава, а НАТА – НАТАва
Еўропа доўга чакала слоў і дзеяенняў ад пантыфіка. Ватыкан апошнімі гадамі ў вачах многіх і так выглядаў празмерна рэал-палітычным. Урэшце Папа Франчэска даў інтэрв’ю італійскай газеце Corriere della Sera. І выдаў пры тым, як бы мякчэй і далікатней выславіцца, некалькі характэрных і дзіўных сентэнцый. Спярша пантыфік заўважыў, што агрэсію пуцінскай Расеі мог справакаваць «брэх НАТА ля яе межаў». І гэта пры тым, што якраз НАТА заслугоўвае абсалютна іншага, а менавіта крытыкі за сваю доўгую бяззубасць і пазіцыю «я не я і хата (НАТА) не мая». Як у тым жа 2014 годзе, калі Расея захапіла Крым і гвалтоўна ўварвалася на Данбас – маўляў, не маё гарыць – не мне тушыць. І зараз, што дзіўна, больш радыкальна на новае маскоўскае ўварванне адрэагавалі нават структуры Еўразвязу, чым ведамства палахлівага Столтэнберга. Так што тут пантыфіка, як кажуць, занесла некуды не туды, ці нават зусім не туды.
Ну а потым галава Ватыкана адзначыў, што не ведае, як ставіцца да пастаўкі заходнімі краінамі зброі ва Украіну, заўважыўшы, што знаходзіцца занадта далёка ад гэтага. «Што зразумела, дык гэта тое, што на гэтай зямлі адбываецца выпрабаванне зброі, а войны вядуцца дзеля гэтага: каб выпрабаваць зброю, якую мы стварылі». Ні больш, ні менш. А мы, наіўныя і шэраговыя хрысціяне, прымітыўна меркавалі, што гэтая вайна выразна мае характар змагання дабра са злом, вызвалення ад акупацыйнай навалы.
І, здаецца, ж кардыналы папскага пасаду наведвалі апошнім часам Украіну і бачылі ўсё на свае вочы – што вырабляюць акупанты на шматпакутнай украінскай зямлі. Няўжо яны кепска ці скажона паінфармавалі Папу?! Вось ужо сапраўды, лепш ціха маліцца, чым раздаваць такія інтэрв’ю. Папу – Папава, а НАТА – НАТАва.
Перад Папам Францыскам ёсць прыклад з гісторыі 20-га стагоддзя, з 1930-ых гадоў – гэта калі яго даўні папярэднік Пій XI-ы значны час не мог зразумець, што такое фашыстоўскі гітлераўскі рэжым і нават супрацаваў з ім. Пасля Ватыкану доўга давялося адмольваць тое неразуменне. Але вера ў непагрэшнасць Папы ў многіх каталікоў была істотна падарваная.
Уладзімір Хільмановіч