Пасля танцаў з воўкам
Сусветныя медыі абляцела цікавая навіна – былая кіраўніца міністэрства замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль пакінула родную краіну. У 2018 годзе высокапастаўленая чыноўніца засвяцілася ва ўсіх таблоідах – яна запрасіла на сваё вяселле Уладзіміра Пуціна і танцавала з ім. Тады Кнайсль заявіла, што запрасіла ўладара Крамля спантанна, нібыта той якраз выпадкова знаходзіўся ў азначаны час у паездцы па Аўстрыі. Маўляў, такі візіт высокага госця пад марш Мендэльсона – гэткая выпадковая падкова на шчасце. Не ведаю, як з сямейным шчасцем у дамы бальзакаўскага веку, але вось пазней выявілася, што «танцы з ваўкамі» шчодра аплочваліся з бяздоннай газпрамаўскай скарбонкі. Пасля дзяржаўнай пасады ў аўстрыяцкім ведамстве ў 2019 годзе фрау Кнайсль спакойненька перасела ва ўтульнае крэсла члена савета дырэктароў расейскай кампаніі «Росснефть». Надта ж прывабным падаўся прыклад былога канцлера Германіі Герхарда Шродэра, які яшчэ раней пайшоў служыць на валютную «бензакалонку».
На цёплай пасадзе расейскага дзяржаўнага канцэрна Кнайсль заставалася нават пасля пачатку расейскага ваеннага ўварванння ва Украіну. І толькі крытыка ў аўстрыяцкай прэсе змусіла яе ўрэшце 20 траўня падаць у адстаўку. Думаецца, што нават не толькі і не столькі крытыка, а новы палітычны скандал, які ўзнік вакол імені Эгіста Ота. Гэты От кіраваў агентамі пад прыкрыццём у аўстрыяцкай службе ўнутранай бяспекі, яго падазраваюць у продажы Расеі дзяржаўных сакрэтаў. Карын Кнайсль хуценька заявіла, што не ведае такой асобы, паскардзілася публічна, што ёй у роднай краіне ідуць «смяротныя пагрозы» і адляцела ў цёплыя краі. Перад гэтым яна нібыта жыла на поўдні Францыі, а цяпер апынулася ажно ў Лібане. Трэба думаць, што бедная фрау Кнайсль насамрэч зусім ня бедная матэрыяльна. Толькі ці будзе бестурботнай яе старасць? «Танцы з воўкамі» не праходзяць бясследна. І не выключана, што былую кіраўніцу МЗС Аўстрыі яшчэ паклічуць на радзіму – на судовы працэс.
Уладзімір Хільмановіч