Патрыярх на Палаце
Лета патрыярха пачалося з візіту на берагі Свіслачы Палаты і Заходняй Дзвіны. Уладзімір Гундзяеў, ён жа вышэйшы іерарх РПЦ Кірыл даўнавата не быў у Беларусі – ажно чатыры гады. Цяпер ён прыляцеў у Менск для ўдзелу ў святкаванні 1030-годдзя ўсталявання праваслаўя на беларускіх землях і падзеях у памяць прападобнай Еўфрасіньні Полацкай.
Прыляцеў патрыярх у Беларусь на фоне няўхільнага падзення ягонага аўтарытэта, які і так быў падарваны шматлікімі ранейшымі скандаламі вакол патрыяршых пасаду і рызніцы. Чаго вартая толькі гісторыя з даражэзным гадзіннікам прэдстаяцеля, які на фотаздымку быў зарэтушаваны на руцэ іерарха, але дзівосным чынам адлюстраваўся на лакаваным стале.
Кірыл канешне быў усцешаны тым прыёмам, які яму наладзілі – і ня дзіва – дзе яго яшчэ сустрэнуць так ганарова. Асабліва ён пахваліў мясцовых служыцеляў культа за адмыслова збудаваныя ў цэнтры Менску палаты і падворак патрыяршага прадстаўніцтва.
Гундзяеў завёў чаканую песню пра трыадзінства славянскіх народаў і агульную Кіеўскую купель, паўтарыў мантру пра асаблівасць і псіхалогію «рускага чалавека». Асабіста патрыярх Кірыл на фоне сапраўдных праклёнаў ва Украіне безумоўна хацеў натхніцца на вернападданай зямлі Северо-Западного края. Ну а паралельнага меў місію ўмацавання «русского мира» і вобразу Масковіі як міратворчай сталіцы. У Беларусі Кірыл не бласлаўляў ратнае войска на вайну, як у сябе на радзіме, трымаўся больш стрымана і абачліва. Але фактычнае бласлаўленне вайны, якое ён зрабіў у сваёй Маскве – гэта ўжо на ўсё жыццё. І непараўнальна з гандлем гарэлкай ці цыгарэтамі, «стяжательством» ды раскошай побыту. Захопніцкая вайна паставіла крыж на рэпутацыі патрыярха і ўсёй РПЦ.
На другі дзень патрыярх Кірыл выправіўся ў наш старажытны Полацк, дзе ўзначаліў літургію і хросны ход у Спаса-Ефрасінеўскі манастыр. І патрыярх і кіраўнік экзархату Веніямін былі ў традыцыйным аблачэнні старэйшага праваслаўнага духавенства – з бел-чырвона-белым арнаментам. Пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне на іх не складалі.
Вянчала візіт патрыярха РПЦ сустрэча з Вярхоўным глаўнакамандуюшчым РБ. Бакі адзначыліся поўным паразуменнем. На галоўнае ж пытанне – калі Масква верне скрадзены і вывезены з Беларусі крыж Ефрасінні Полацкай – Кірыл не адказаў. Праўда, такое пытанне не было і каму задаць.
Уладзімір Хільмановіч