Перафарматаванне і некандыцыя



Разумныя людзі вучаць, што дурны тон у журналістыцы – злоўжываць у тэкстах замежнымі словамі, тым больш у загалоўках. Але парушаю зараз гэтыя каноны, таму што ніяк ня змог падабраць адпаведныя беларускія словы – выходзіла альбо неадпаведна, альбо зусім нелітаратурна і нават нецэнзурна.

Балота так званай выбарчай кампаніі на мінулым тыдні было ўсё ж істотна скаланутае некалькімі падзеямі. Цяжка вельмі характарызаваць удзельнікаў гэтага працэсу, каб абысціся без скрайніх, рэзкіх і катэгарычных ацэнак. Тым больш толькі надзвычай лянівы не кінуў каменю за апошні час у беларускую дэмакратычную апазіцыю. Яна, з горам папалам вытрымаўшы ў 2010-ым сапраўдны разгром з боку ўладаў, перажыла за наступныя амаль пяць гадоў заканамерны псіхалагічны крызіс, а таксама крызіс ідэалагічны. Да новых так званых выбараў дэмакратычная апазіцыя падышла з невыносным цяжарам паразаў і разгубленасці. І вось зараз выхад на волю палітычных вязняў, у першую чаргу Мікалая Статкевіча, даў новы імпульс да перафарматавання апазіцыйных сілаў. Зрух гэты, пэўны штуршок, трэба ацэньваць з асцярожным аптымізмам, але гэта хоць нешта пасля гадоў невыразнай арыентацыі, сварак і нявызначаных пазіцый. Для тых, хто ня ведае, патлумачу, што ў Менску адбылася сустрэча і прэсавая канферэнцыя з удзелам экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, лідара нядаўна створанага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, таксама кандыдата ў прэзідэнты ў 2010-ым Уладзіміра Някляева, сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Зважаючы, што ўсе гэтыя асобы ў рознай ступені, але былі рэпрэсаваныя і зазналі пераслед, аснова для новай кааліцыі дастаткова трывалая. Тым больш, што неадкладна пра падтрымку новай ініцыятывы заявіў палітычны эмігрант і былы палітвязень, лідар “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Саннікаў. Новая кааліцыя ўжо заявіла, што будзе дамагацца дэлігітымізацыі цяперашняй выбарчай кампаніі. Якія шляхі прывядуць да гэтага – сказаць цяжка, зразумела толькі, што выпрацавана цвёрдая пазіцыя апелявання да міжнародных структураў з мэтай знешняга непрызнання “вырабаў 2015”.

У такой сітуацыі найбольш прайграла Партыя Беларускі Народны Фронт. У яе шэрагах не было адзінства ўжо тады, калі арганізацыя пастанавіла падтрымаць як кандыдата Таццяну Караткевіч. Зараз жа бальшынёй галасоў БНФ на сваім чарговым сойме пастанавіў спыніць сваю падтрымку гэтай вылучэнкі. Гэта сваім парадкам выклікала чарговы падзел сярод пазіцый прадстаўнікоў партыі. Такая непаслядоўнасць напэўна прывядзе да змены ў кіраўніцтве партыі і да новых палітычных кампаній БНФ падыдзе не ў найлепшым стане.

Павесяліў па-сапраўднаму публіку адзін з сама шэрых і ценявых прэтэндэнтаў у кандыдаты, пра якога ў Беларусі мала хто ведае, Віктар Цярэшчанка. Цяпер будуць ведаць больш. Бо ўсе яго адзінаццаць з паловай тысяч подпісаў, нібыта сабраныя ў Гародні, ужо афіцыйна прызнаныя несапраўднымі. Некандыцыя, так сказаць. Паводле заканадаўства за фальшаванне подпісаў можа быць пачата і крымінальная справа. А яшчэ Цярэшчанка заявіў, што яго спрабавалі атруціць морквавым сокам у адной з сталічных кавярняў. Усё гэта дадало фарбаў у клаўнаду дастаткова млявага працэсу.

Якую колькасць подпісаў і якой кандыцыі здаў штаб Таццяны Караткевіч – мы не даведаемся, хутчэй усяго, ніколі. Найлепш для гэтай жанчыны будзе канешне нерэгістрацыя кандыдаткай у прэзідэнты.

Беларускі электарат (прабачце і за гэтае замежнае слова) па-ранейшаму жыве сваім жыццём і слаба цікавіцца, што адбываецца навокал. І ніхто ня ведае, як дастукацца да сэрца і душы гэтага народу. І ці ёсць яны ўвогуле.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ