Перамагчы насуперак
Ужо больш чым два гады жыццё беларусаў ідзе ў асаблівым вымярэнні. Кожны раз, беручыся за пяро, дакладней сядаючы за клавіятуру кампутара, хочацца напісаць нешта аптымістычнае і жыццясцвярджальнае. Але з кожным тыднем зрабіць гэта ўсё цяжэй. Кожны дзень стужка навінаў прыносіць пераважна негатыў і розгалас сумных альбо нават трагічных падзей. Што тут казаць, калі найбольш светлымі навінамі ёсць тое, што нехта, адсядзеўшы свой пакутлівы тэрмін, выйшаў з турмы на адносную волю (дзе хутчэй усяго і надалей яму не дадуць спакою), альбо тое, што украінцы падарвалі чарговы склад боезапасаў расейскай акупацыйнай арміі. Вайна ў той ці іншай ступені ўварвалася ў наша жыццё, перавярнула свядомасць, дэвальвавала некаторыя ранейшыя ўяўленні, абнуліла ўсе ранейшыя асабістыя і грамадскія дасягненні. Для беларусаў шматгадовая паўзучая стадыя расейскай акупацыі рэзка актывізавалася яшчэ ў жніўні 2020 года, яна параскідала людзей па турмах і эміграцыі, парасцярушвала сем’і і сяброў па ўсім свеце, паламала з цяжкасцю наладжаны ранейшы быт.
А калі пачалося адкрытае ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі паляцелі ракеты па ўкраінскіх гарадах, становішча беларусаў стала зусім сумным. Гераічны супраціў украінскіх збройных сіл і ўсяго народу, а таксама далучэнне да змагання на полі бою ўжо значнай часткі беларускіх патрыётаў, такіх фармаванняў як Полк імя Каліноўскага, надае надзеі, але не стварае ілюзіі, што перамога і вызваленне будуць хуткімі. Да заканчэння вайны і канца расейскай агрэсіі яшчэ вельмі далёка.
Пасля больш чым чатырох месяцаў гарачай фазы вайны можна зрабіць наступныя высновы:
Нягледзячы на адчайныя заклікі розных украінскіх і беларускіх палітыкаў, ніякая міжнародная палітычныя супольнасць не збіраецца прызнаваць Расею дзяржавай-тэрарыстам, а Беларусь – часова акупаванай тэрыторыяй. «Цывілізаваны» Захад вельмі прагматычна глядзіць на гэтую вайну і ня мае асаблівых сантыментаў да гібелі ўжо дзясяткаў тысяч людзей. Палітыкам Заходняй Еўропы куды бліжэй уласны дабрабыт і камфорт. І хоць выразна стала ясна, што ў звычайнай вайне, толькі агнястрэльнымі сродкамі Расеі не захапіць і не перамагчы нават Украіну, не тое што іншыя краіны кантыненту, ніхто не спяшаецца па-сапраўднаму паставіць агрэсара на месца. Наадварот, лідары Еўразвязу камбінуюць і дазваляюць абыходзіць імі ж уведзеныя санкцыі супраць Крамля. Чаго вартая толькі гісторыя з рамонтам газпрамаўскай турбіны ў Канадзе, якую Нямеччына вырашыла вярнуць дзяржаве-агрэсару. Нават ЗША, якія з аднаго боку пачалі даваць цяжкае эфектыўнае ўзбраенне для ўкраінскага войска, з іншага – забараняюць яго выкарыстоўваць на тэрыторыі самой Расеі. Усе ваенныя дзеянні ідуць толькі на ўкраінскай тэрыторыі, што выпальвае і спусташае гэтую зямлю.
Стратэгічна НАТО можа і рыхтуецца да поўнамаштабнай вайны з Расеяй, на Захадзе лічаць, што ў іх ёсць яшчэ год-два на гэта, але гэта можа стацца страшнай памылкай. У кожным разе свет становіцца ўсё бліжэй да знішчальнай ядравай катастрофы. Маскоўскае кіраўніцтва ня ў змозе хутка заваяваць бальшыню тэрыторыі Украіны і знішчыць гэтую дзяржаву. Зразумеўшы тэхнічную адсталасць свайго ўзбраення перад заходнім, яно усё часцей трасе і пагражае сваёй «ядравай дубінай». З іншага боку Масква змяніла ваенную тактыку – пасля краху бліцкрыгу замест імкнення захопу новых земляў яна пастанавіла знішчаць усё, што толькі магчыма. Без ваганняў Крэмль ажыццяўляе бамбардаванне цывільных аб’ектаў і мірных жыхароў.
Найбольш імаверна бліжэйшыя падзеі выглядаюць так. Масква абвесціць пра «выкананне ўсіх пастаўленых задач па вызваленні Данбасу» пасля чаго, вобразна кажучы, пачнецца звыклае нямецкае «начынне ліверных каўбас» і традыцыйнае французскае «выпяканне круасанаў». А менавіта змушванне Заходняй Еўропай Украіны да «мірнага ўрэгулявання» і фактычных саступак агрэсару. Расеі ж перадышка ў сваёй перманентнай вайне супраць суседзяў надзвычай патрэбная, да ўсяго яна пастараецца аслабіць міжнародныя санкцыі.
І ў такой геапалітычнай сітуацыі Украіне трэба перамагчы. Перамагчы, насуперак усяму.
Уладзімір Хільмановіч