Пра разумнага чалавека



Разумны чалавек ніколі не будзе гаварыць доўга. Разумны чалавек не паўтарае двойчы. Разумны чалавек не зважае на дурняў, бо дурны чалавек ніколі не паслухае разумнага чалавека. Разумны чалавек любіць слухаць іншых. Разумны чалавек ніколі не зайздросціць іншаму разумнаму чалавеку. Разумны чалавек хоча наступіць на горла ўласнай песні, але ўсё ж спявае, бо жыць адным розумам для яго сумна. Разумны чалавек не будзе наступаць на адны і тыя ж граблі, нават адзін раз не будзе наступаць. Разумны чалавек звыкла не наступае, а адступае. Разумны чалавек адыходзіць, абыходзіць, але рацыянальна ўпэўнена ідзе да мэты.

Разумны чалавек не разменьваецца на аднаразовую разумнасць. Разумны чалавек не шукае іншых разумных людзей – разумныя людзі самы прыходзяць да яго. Інтэлектуал і эрудыт далёка не заўсёды – разумны чалавек. Багаж непатрэбных ведаў не робіць з эрудыта разумнага чалавека. Інтэлект не робіць чалавека разумным. Разумны чалавек аптымістычна глядзіць на сумныя зявы і песімістычна на вясёлыя забаўляльныя рэчы. Але разумны чалавек ніколі не глядзіць на ўсе гэтыя рэчы рэалістычна. Разумны чалавек мусіць глядзець на ўсё іначай, чым звычайныя людзі. Пра важныя рэчы разумны чалавек часта гаворыць жартоўна, а пра жартоўныя – будзе казаць з сурёзным выразам твару.

Разумны чалавек ніколі не будзе крычаць на іншага чалавека. Калі той разумнейшы за яго – то як можна крычаць на разумнейшага чалавека!? А калі таму не дадзена разуменне нечага – то нельга крычаць на чалавека, які нечага не разумее, бо гэта ніяк не правядзе яго да нейкага большага разумення. Разумны чалавек не складае доўгатэрміновых планаў. Разумны чалавек ведае, што калі ён плануе, то Бог смяецца. І ведае таксама, што калі Бог плануе, то чалавек плача. Але разумны чалавек не жыве і адным днём – для разумнага чалавека няма звыклага для іншых людзей разумення часу. Разумны чалавек ніколі не стаіць у чэргах і не чакае з мора пагоды.

Разумны чалавек – гэта не проста homo sapiens. Разумны чалавек не лічыць, што homo homini lupus est, але ведае, што вегетарыянства не ратуе ад ваўкоў. Разумны чалавек не лічыць, што homo homini deus est. Разумны чалавек верыць у Бога і не давярае людзям. Разумны чалавек верыць, што іншы таксама можа верыць. Разумны чалавек любіць чытаць, а не цытаваць Біблію. Разумны чалавек ніколі не супрацьпастаўляе рэлігію і навуку. Разумны чалавек ведае, што адкрыць вочы на гэты свет можа толькі сляпая вера. Разумны чалавек ведае, што і лежачы, можна ісці да ісціны. Разумны чалавек не дзеліць навукі на дакладныя і гуманітарныя. Разумны чалавек ведае, што ў спісе сваіх ворагаў ён заўсёды сам на першым месцы. Разумны чалавек не шукае сабе ворагаў, але ведае, што іх не можа не быць.

Разумны чалавек не лезе першым у спрэчку. Разумны чалавек ведае, што ў спрэчцы старэйшага з малодшым старэйшы мусіць прамаўчаць, а малодшы павінен саступіць. Разумны чалавек ведае, што салодкія жанчыны прыносяць урэшце горкае расчараванне. Разумны чалавек ведае, што колькасць жанчын дадае вопыту, але не розуму. Разумны чалавек не дзеліцца асабістым дзеля грамадскай папулярнасці. Разумны чалавек хоча пераменаў, але ведае – колькі глобус не круці – Зямля будзе ісці сваім запланаваным кірункам.

Разумны чалавек заўсёды дае рады з алкаголем – ён пе больш, чым трэба і менш, чым хочацца. Але ніколі не губляе пры тым розуму. Разумны чалавек можа выпіць адзін, але любіць кампанію. Разумны чалавек заўсёды выпівае за цвярозы погляд на жыццё. Разумны чалавек хоча быць добрым чалавекам, але розум яму замінае. Разумны чалавек не можа быць і жорсткім чалавекам. Разумны чалавек не робіць дурных учынкаў і не чакае ўдзячнасці за добрыя справы для іншых. А ўрэшце разумны чалавек не лічыць сябе разумным чалавекам.

І так хочацца сустрэць хоць аднаго разумнага чалавека.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ