Пра яйкі і ахвярных курэй
Пакуль лепшыя мысляры-рэфарматары, навукоўцы і практыкі-палітыкі ламаюць дзіды наконт гаспадарчых мадэляў і спосабаў развіцця эканомікі, выхад з крызісу вынайшаў кіраўнік сонечнага Узбекістану. Новаспечаны прэзідэнт гэтай азіяцкай краіны прыдумаў просты натуральны спосаб. Не, сонца тут зусім ні прычым, навошта яно ўвогуле, калі ёсць такія зямныя свяцілы! Дык вось прэзідэнт з цяжка, даруй Божа, вымоўным прозвішчам Шаўкат Мірзіееў на сходзе ў яшчэ цяжэй вымоўным Каракалпакстане абвесціў, што кожная сям’я Узбекістана, які жыве ў сельскай мясцовасці, павінна вырошчваць і трымаць у хатняй гаспадарцы па 100 курыц. Менавіта па 100 – такая вось сакральная лічба. І далей простая як аглобля матэматыка: маўляў, калі ў кожнай такой сям’і будзе 100 курыц, то яны знясуць мінімум 50 яек. Калі 10 яек сям’я з’есць сама, то яшчэ 40 яна зможа прадаць і такім чынам зарабіць – падсумаваў вынаходлівы Мірзіееў. Тады і не будзе малазабяспечаных сем’яў. Вось такі геніяльны ўзбекскі “скачок тыгра”, новы “шоўкавы шлях” ад новага правадыра нацыі Шаўката Мірзіеева. Шлях, які павінен вывесці бедных і няшчасных ва ўсіх сэнсах узбекаў з галечы. Але, па ўсім відаць, разбіраецца, прабачце, гэты новы правадыр у сельскай гаспадарцы, як свіння ў апельсінах. Узбекістан, канешне, вялікая па тэрыторыі краіна, але сумняваюся, што падворкі ў бедных сялян такія, што там можна трымаць ажно 100 курыц, ды яшчэ ж некалькі пеўняў трэба да іх. А больш ста вялікіх птушак – гэта немалая ўжо гаспадарка, нават калі крэдыты дзяржава дасць. А па-другое, каб атрымаць 50 яек, скажам у тыдзень, зусім непатрэбная такая колькасць нясушак. Дастаткова і пару дзесяткаў хатніх птушак.
Акрамя развядзення курэй, Мірзіееў заявіў яшчэ, што трэба развіваць дробнае прадпрымальніцтва. Тэзіс абсалютна слушны, але, на жаль, не расшыфраваны. Можа гараджанам загадаюць галубоў разводзіць? Сказана толькі кантралюючым органам не перашкаджаць працы прадпрымальнікаў. Але ж у іх – у гэтых органаў прырода такая – яны ж нічога акрамя “кантролю” – чытай экспрапрыяцыі не ўмеюць. Калі ж такое разуменне малога бізнесу як з курамі, то таталітарная карымаўская спадчына ва Узбекістане будзе закансервавана яшчэ надоўга. І будзе як яшчэ ў адной казачнай краіне: “Толька взялся за яйца – масла прапала!”.
У Беларусі ж ужо ад некаторага часу пайшлі звыклым “правераным” бальшавіцкім шляхам. Калі патрэбныя яйкі – трэба душыць і рэзаць курэй, што нясуць гэтыя залатыя яйкі. На мінулым тыдні стала ведама, што арыштаваныя чарговыя дзесяць бізнесоўцаў, сярод якіх ёсць і вельмі вядомыя асобы. Схема адпрацаваная і простая – падрыхтаваны кампрамат, выклік, арышт. Потым бізнесовец мусіць аддаць усё, што напрацаваў гадамі і нават дзесяцігоддзямі, пасля чаго мае шанцы адразу выйсці на свабоду. Дзе ўжо разгуляецца як цяля на вяроўцы. Не маю ані кроплі зларадніцтва ў дачыненні да гэтай праслойкі прадпрымальнікаў, але і спачування да гэтых “ахвярных курэй” мала. Бо гэта яны, замест таго, каб дапамагаць грамадзянскай супольнасці, грамадска-палітычным структурам яшчэ ў сярэдзіне 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, у пачатку 2000-ых, калі сітуацыя ў краіне не выглядала крытычна, смяяліся з рамантыкаў-замагароў і казалі, што лепш будуць “рабіць грошы”. Яны не дапамагалі такім бізнесоўцам, як Андрэй Клімаў, Уладзімір Кудзінаў, Мікалай Аўтуховіч, якіх рэпрэсавалі паводле палітычных матываў. А было зразумела яшчэ тады, што чарга дойдзе да ўсіх. І вось яна заканамерна дайшла. Не ведаю як з салідарнасцю ў бізнес-супольнасці, але мне здаецца, што гэтыя людзі зараз засталіся сам насам з дзяржавай. Тое сама і з дробнымі і сярэднімі прадпрымальнікамі, якія апошнія гады знішчаюцца як клас. Яны таксама раней казалі: “мы на свой кавалак хлеба заўсёды заробім”. Для дастаткова разумных людзей – наіўнасць недаравальная. “Нэп” дзевяностых гадоў скончыўся. Скончыўся разам з вялікімі і халяўнымі расейскімі крэдытамі. І наступіў час калектыўнай адказнасці. За ўсё, што зрабілі, а галоўнае – за тое, што не зрабілі.
Уладзімір Хільмановіч