Пуста і без густу



Ёсць такое выслоўе, што пра густы не спрачаюцца. Яно можа і верна, калі няма чаго есці, альбо калі зусім няма выбару. А ўвогуле пра густы, на маю думку, дыскутаваць можна. А калі не спрачацца пра іх, то абмяркоўваць напэўна. Уласна гэтым чалавецтва займалася ўсю сваю гісторыю. Спрэчкі пра густы мелі розны характар – ад агрэсіўна шкодных да вынікова канструктыўных, хоць апошнія і здараюцца намнога радзей.

Раз у год жыхары многіх еўрапейскіх краін жарсна спрачаюцца наконт песеннага конкурсу Еўрабачання. Асабіста я лічу гэты нібыта спабор усё больш прафанацыйным. Да ўсяго не люблю папсовую музыку ў прынцыпе. Але ж наўкола многія знаёмыя глядзяць гэты конкурс, так што міжволі ў нейкай ступені за ім сочыш. Часу, а тым больш жадання, глядзець увесь конкурсны спабор у мяне няма, але ўжо пасля завяршэння Еўрабачання на адным з сайтаў убачыў спасылку на дзесяць першых месцаў. Пачаў зверху ад пераможцы – прагляд і праслухоўванне зняпраўдзілі ўсе мае, нават сама скептычныя, чаканні. Прозвішча і пераможцы, і краіны, тут не маюць нават значання. Тое, што перамагло сёлета на Еўрабачанні, ні песняй, ні музыкай назваць у прынцыпе нельга. Узброіўшыся далей думкай, што горш быць ужо не можа, пачаў глядзець наступныя месцы, цярпення хапіла яшчэ на тры нумары, пасля чаго спыніўся.

Яшчэ раз задумаўся, можа прычынай асабістага непрымання такіх песенных твораў ёсць мая нелюбоў да ўласна поп-музыкі. Але ж, калі выканаўца сапраўды адметны і таленавіты, то гэта неяк прымаецца практычна ўсімі. Так было, прыкладам, з прадстаўніком Нарвегіі беларускага паходжання Аляксандрам Рыбаком, які выйграў конкурс Еўрабачання ў 2009 годзе. А многімі гадамі раней на ім перамагала шведская АББА, якая пазней стала па-сапраўднаму знакамітым гуртом. Але апошнія гады пераможцы вызначаюцца паводле прынцыпу “чым больш па-вычварэнску, тым болей шанцаў”. Не думаю, што гэтых лаўрэатаў вызначае галасаванне наіўных тэлегледачоў. Наадварот, перакананы, што галоўныя месцы распісваюцца ў кулуарах арганізатарамі гэтага фальшывага шоў. Іншае пытанне – чаму безгустоўнае “абы што” навязваецца шырокім масам як лепшае. Лішне ўжо казаць, што самы крытэры гэтага конкурсу надзвычай размытыя. Але заканамернасці прасочваюцца выразна – прыкладам, перамагчы, выконваючы свой нумар на нацыянальнай мове, практычна немагчыма. А чым больш безгустоўнасці і вычварэнства, якія называюць эпатажнасцю і арыгінальнасцю, тым больш шанцаў.

У нашай краіне ўсё больш выканаўцаў спяваюць зараз па-беларуску. У пэўным сэнсе гэта становіцца тэндэнцыяй і нават модай, што можна толькі вітаць. Але тут іншая бяда – многія гурты і салісты проста абыякава ставяцца да роўню мовы сваіх песень – графаманскія тэксты, дзікія рыфмы, шматлікія калькі з іншых моваў, пераважна расейскай, няправільнае скланенне слоў, памылкі ў канчатках – усё гэта ідзе валам і часта псуе ўражанне ад някепскіх у цэлым песень. Іншыя выканаўцы, тое ж сама, як і пісьменнікі, мэтна пішуць на трасянцы, але трасянка таксама мае свае заканамернасці, а ў бальшыні такіх творцаў іх ведання няма.

Так што калі параўноўваць цяперашні ровень песеннага густу беларускамоўных выканаўцаў рок- і поп-музыкі з спевакамі дваццаці-трыццацігадовай даўніны, параўнанне будзе відавочна на карысць “дыназаўраў”. Тое ж сама можна яшчэ больш упэўнена сказаць пра журналістаў і пісьменнікаў. Магчыма, цяперашні стан моўнай культуры – гэта такая хвароба росту. Але хутчэй справа ў элементарнай абыякавасці. Маладыя творцы ў бальшыні абыякава ставяцца да слова. А заўсёды ж ёсць да каго звярнуцца і пракансультавацца. І кожнаму новаму твору патрэбна “свежае незамыленае вока”. Нават вялікі паэт Ніл Гілевіч заўсёды звяртаўся да сяброў з просьбай рэдагавання сваіх вершаў. А вось цяпер бальшыня стараецца хутчэй выкінуць свае песенныя ды іншыя “шэдэўры” на публіку. І паляцелі усялякія “талеркі і стаканы”, як у адной беларускамоўнай папсовай песеньцы. А шкада, бо кожнае дапрацаванае і шліфаванае слова – гэта і ёсць тая цаглінка, якая ўзвышае мастацкі твор ці публіцыстычны артыкул. А ўрэшце і фармуе адпаведны густ.

Уладзімір Хільмановіч 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ