Пяць сцэнароў для Беларусі



Вайна, развязаная маскоўскай імперыяй супраць суседніх народаў, а фактычна ўсёй еўрапейскай цывілізацыі і дэмакратычнай супольнасці свету, тым ці іншым чынам непасрэдна адабецца на Беларусі і нават вызначыць яе далейшы лёс. Прычым як мінімум на пяцьдзесят гадоў, а можа і на цэлыя стагоддзі. Для нас зыходаў вайны, якую зараз вядзе Расея супраць Украіны, можа быць некалькі. На цяперашні момант вымалёўваецца некалькі патэнцыйных сцэнароў развіцця падзей. Ад скрайне адмоўнага да максімальна магчыма пазітыўнага.

Апакаліптычны зыход. Урэшт ашалелы маскоўскі фюрэр, асэнсаваўшы, што ў звычайнай наземнай і паветранай вайне яму не заваяваць Украіну, а Расею непазбежна чакае жорсткая ваенная параза, наважыцца на ядзерны залп і з дапамогай найбольш адыёзных асобаў з свайго атачэння ўсё ж дарвецца да «чырвонай кнопкі». Як варыянт тут можа быць запуск ракетаў з ядравымі боегалоўкамі з тэрыторыі Беларусі па тэрыторыі Украіны, Польшчы ці краін Балтыі. У адказ адбудзецца аналагічны ці яшчэ больш моцны ўдар і па тэрыторыі Беларусі. Іншы варыянт – гэта ўзарванне акупантамі Чарнобыльскай ці Астравецкай атамнай станцыі ці абедзвюх адначасна. Пры кожным з варыянтаў ад Беларусі не застанецца нічога, будзе знішчана і паўсвету альбо жыццё на гэтай планеце зусім знікне.

Трагічны зыход. Масква ўсё ж прымусіць тое войска, якое называецца беларускім, увайсці на тэрыторыю Украіны і задзейнічае непасрэдна ў баявых дзеяннях расейскай акупацыйнай арміі беларускіх вайскоўцаў. Акрамя вялікіх чалавечых стратаў, якія зазнаюць многія беларускія семі, натуральнай нянавісці суседзяў да беларусаў, гэта будзе і пагаршэнне статусу дзяржавы Рэспубліка Беларусь, якая і так ужо дэ-факта з-за палітыкі Лукашэнкі зяўляецца агрэсарам. Пры непазбежнай паразе Расеі ў звычайнай вайне пераможцы будуць дзяліць тэрыторыю дзяржаў-нападнікаў і тады мала шанцаў, што Беларусь увогуле захаваецца на палітычнай мапе Еўропы. Альбо захаваецца ў значна «абрэзаным» выглядзе. На падзел Беларусі без уліку інтарэсаў беларусаў могуць дамовіцца і Еўропа з Расеяй.

Пакутлівы зыход. У выніку яшчэ некалькіх месяцаў ваенных дзенняў, расейскія войскі будуць выціснуты з тэрыторыі Украіны. Аднак трывала застануцца ў Беларусі. Так званая «саюзная дзяржава» Расеі і Беларусі будзе далей ператварацца ў адзіны таталітарны механізм. Усё гэта расцягнецца яшчэ на пару гадоў ці нават на дзесяцігоддзе. Будуць працягвацца палітычныя рэпрэсіі ажно да расстрэлаў. Жалезная заслона ад цывілізаванага свету апусціцца зусім. Эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца з кожным месяцам. Адновіцца гэткі міні-савецкі саюз. Шанец на пазітыўныя змены ў выглядзе нечага кшталту хрушчоўскай «адлігі» зявіцца толькі пасля фізічнай смерці аднаго ці абодвух дыктатараў.

Радыкальны і няпэўны зыход. У Расеі адбываецца «палацавы пераварот», які рыкашэтам адбіваецца і на Беларусі, начальнік якой пазбаўляецца маскоўскай падтрымкі і слабне літаральна «на вачах». Вайна спыняецца і адбываецца паступовае вяртанне да «даваеннай» сітуацыі. Іншы варыянт – масавыя рэвалюцыйныя выступы народу ў Расеі супраць вайны і палітыкі кіраўніцтва магчымыя толькі праз паўгода-год знясільваючай вайны і рэзкага пагаршэння роўню жыцця. Пры тым сітуацыя пераходзіць у стадыю поўнай дэградацыі ці хаосу.

Аптымістычны зыход. Міжнародная супольнасць у самым хуткім часе прызнае Беларусь часова акупаванай краінай. Вайна заканчваецца хутка шляхам адхілення ў Расеі Пуціна ад улады. Адначасна, застаўшыся без падтрымкі свайго гаспадара, абрынаецца менскі філіял крамлёўскага рэжыму. У дыяпазоне ад румынскага варыянту Чавушэску да ўцёкаў Лукашэнкі з краіны. У Беларусі зяўляецца законнасць, на волю выходзяць усе палітвязні, вяртаюцца з выгнання тысячы беларускіх палітычных бежанцаў. Прызначаюцца дэмакратычныя выбары і адбываецца аднаўленне незалежных галінаў і структураў улады. Пачынаецца паўнавартаснае адраджэнне краіны. Зыход калі не ідэальны, то блізкі да таго.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ