Радасць ад гульні без правіл



Бадай яшчэ ніколі выбарчая кампанія ў Беларусі не выклікала такога ажыятажу, як гэтым летам. Палітызацыя элітаў і народных масаў бачная нават “няўзброеным вокам”. І пакуль Польшча рыхтуецца да прадказанага ўсімі другога туру выбараў свайго прэзідэнта, Беларусь сама не ведае, да чаго яна рыхтуецца і чаго чакае.

У Польшчы будуць выбіраць паміж правацэнтрысцкім прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта, цяперашнім кіраўніком дзяржавы Анджэем Дудам і апазіцыйным прадстаўніком, умоўна левацэнтрысцкім, Рафалам Тшаскоўскім. І тут шмат будзе залежаць ад таго, каго заклічуць падтрымаць іншыя кандыдаты, якія фігуравалі ў першым туры. У кожным разе шанцы двух прэтэндэнтаў на пасаду амаль роўныя, а галасы выбарцаў будуць палічаны камісіямі дакладна.

Беларусы з 1994 года могуць толькі марыць пра другі тур галасавання. І зараз можна прагназаваць да 9 жніўня і на гэты дзень што заўгодна, але толькі не другі тур. І гэта пры тым, што ўжо ўсяму грамадству зразумела, што пры сумленным падліку галасоў Лукашэнка ніяк не можа выйграць гэтыя выбары. Але для “правільнага” падліку ў дзяржаве ёсць такі адыёзны персанаж як старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына з сваімі шматлікімі памагатымі. Актыўным у выбарчай кампаніі людзям, якія зараз хацелі патрапіць у склад участковых выбарчых камісій, яна так і заявіла – чаго вы лезеце з сваімі правіламі ў наш манастыр!? Тут і каментаваць няма чаго. Чыноўнікі-цяперцы даўно прыватызавалі і выбары і ўсе дзяржаўныя структуры. Іх вельмі раздражняе, калі нехта заклікае да законнасці і імкнецца рэалізаваць сваё права ўдзелу ў працэсе.   

Цяпер у Беларусі адбываецца так званая рэгістрацыя кандыдатаў. Зразумела, што ў кампанію да нязменнага “гаранта стабільнасці”, як ён сам сябе называе, будзе зарэгістравана некалькі статыстаў, якія хоць і не назбіралі патрэбныя сто тысяч подпісаў, але дапамогуць стварыць хоць бачнасць прыходу людзей на выбарчыя дзяльніцы. Інтрыга застаецца з рэгістрацыяй альбо нерэгістрацыяй Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі. Бабарыка ўвогуле пад арыштам, так як і кіраўнік штабу Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі. Іх прысутнасць у лісце кандыдатаў уладам вельмі патрэбная для забеспячэння яўкі выбарцаў, але ўладам зусім непатрэбныя дзеянні камандаў гэтых прэтэндэнтаў, якія не прапісаныя ў сцэнары.   

Уладам сёлета вельмі хацелася б паўтарыць пошлы спектакль “пагарэлага тэатру” узору 2015 году. Тады дэкарацыі і акторы былі настолькі прымітыўнымі, што бальшыня “гледачоў” папросту не захацелі скарыстацца сваімі “білетамі”. Прымусовымі загонамі на ўчасткі яшчэ неяк удалося забяспечыць мінімальную яўку і бачнасць народнай падтрымкі. Але ўжо тады многія зразумелі, што і “кароль” і яго світа абсалютна голыя. Прайшло 5 гадоў і ідэальны для ўлады сцэнар фарсу рассыпаўся як домік з картаў. Ранейшай радасці ад гульні без правіл няма. Упершыню так задоўга да дня асноўнага галасавання рэжыму даводзіцца выкарыстоўваць дубіну “правапарадку”. Першую хвалю пратэстаў жорсткімі захадамі, пачатымі крымінальнымі справамі, незлічонымі затрыманнямі і адміністрацыйнымі судамі ўдалося збіць. Але ці не выкліча ўсё гэта да 9-га жніўня вал пратэстаў? Сталіца Беларусі Менск бурліць незадаволенасцю, расце актыўнасць і ў многіх іншых гарадах.

Рэгістрацыя кандыдатаў завяршыцца да 14 ліпеня. Тады стане ясна, ці ўлады пойдуць на поўную “стэрылізацыю” працэсу і пакінуць на “вырабах” толькі надзейных спарынг-партнёраў ці будуць імкнуцца выкарыстаць гібрыдны варыянт вядзення сваёй кампаніі. Далей шмат што будзе залежаць ад кандыдатаў, якія дэкляруюць сябе як альтэрнатыўныя. Ці яны будуць шукаць мазахісцкае задавальненне ад гульні без правіл па запушчаным сцэнары ці прыдумаюць нейкія неардынарныя крокі і паспрабуюць пераламаць сітуацыю на карысць пераменаў.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ